Антываенная акцыя ў Кракаве. Фота з архіву Яраслава

 Антываенная акцыя ў Кракаве. Фота з архіву Яраслава

Акцыя ў Кракаве прайшла 24 лютага а 12:00 на галоўнай плошчы горада. Каля дзясятка беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі далучыліся да ўкраінцаў і палякаў. Разам яны збіраліся прайсці маршам па вуліцах горада, але беларусам зрабіць гэта пад сваімі сцягамі не дазволілі. 

— Ніхто з удзельнікаў акцыі не быў супраць беларусаў, асабіста нам ніхто нічога не сказаў. А вось арганізатары — прадстаўнікі генеральнага консульства Украіны — падышлі і сказалі прыбраць беларускія сцягі. Нібыта не ўзгодненая загадзя сімволіка на акцыі забаронена. Падкрэслілі, што [забаронена] сімволіка Расіі і Беларусі, таксама іншых краін, якія падтрымліваюць агрэсію ва Украіне.

 

Беларусы спрабавалі давесці арганізатарам, што ў іх у руках альтэрнатыўны сцяг Беларусі, народны, пад якім беларускія добраахвотнікі абараняюць Украіну і пад якім беларусы змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі.

— Арганізатары нас не сталі слухаць і паклікалі паліцыянтаў. Паліцыянты патлумачылі, што калі гэта сцягі Беларусі, то, паводле заяўкі арганізатараў мітынгу, яны забароненыя на іх мерапрыемстве. 

Беларусам прыйшлося апусціць сцягі. Яны адышліся далей ад сцэны. Стаялі да канца мітынгу, пакуль дэманстрацыя не пайшла маршам да амбасады Расіі. 

— Акрамя ўкраінскіх і польскіх сцягоў на працягу ўсяго мерапрыемства былі сцягі ЗША, Казахстана і яшчэ іншых краін. Але з боку арганізатараў да іх не было прэтэнзіі. Канешне, нам было крыўдна. Мы ўсе падтрымліваем Украіну і ўсюды прайшла інфармацыя аб гэтай акцыі і маршы. Беларусы Кракава з першага дня вайны прынялі самы актыўны ўдзел у дапамозе бежанцам і ў арганізацыі антываенных акцый у Кракаве. Больш за тое, украінскі консул таксама спачатку браў удзел у сумесных мерапрыемствах, але потым рэзка змяніў стаўленне да беларусаў.

Калі днём беларусы Кракава аказаліся непажаданымі гасцямі на акцыі, то ўвечары іх запрасілі ўжо ўкраінскія актывісты ў цэнтр горада на новы мітынг. Там ужо была вялікая колькасць бел-чырвона-белых сцягоў.

Чытайце таксама:

Затрымалі супрацоўнікаў кампаніі, што абслугоўвае экраны, на якіх паказалі зварот Ціханоўскай

Ціханоўская сустрэлася з паслом Украіны

«Каб надпіс на помніку быў на беларускай мове». Беларускія добраахвотнікі пра запавет на выпадак гібелі 

Клас
7
Панылы сорам
47
Ха-ха
12
Ого
5
Сумна
12
Абуральна
93