Фота: Sarfuddin

Фота: Sarfuddin

У Інданезіі суматранскі арангутан змог залячыць вялікую рану на шчацэ пры дапамозе лекавай расліны, сцвярджаюць навукоўцы. Даследчыкі ўпершыню зафіксавалі такі спосаб самалячэння ў жывёл у дзікай прыродзе, піша Бі-бі-сі.

Даследчыкі з нацыянальнага парку Гунунг-Лейзер (Інданезія) заўважылі арангутана па імені Ракус з вялікай ранай на шчацэ ў чэрвені 2022 года.

На іх думку, ён атрымаў траўму падчас бітвы з іншымі самцамі арангутанаў.

Затым каманда навукоўцаў заўважыла, што Ракус жуе сцябло і лісце расліны пад назвай Akar Kuning — супрацьзапаленчай і антыбактэрыйнай расліны, якая выкарыстоўваецца ў гэтай мясцовасці для лячэння малярыі і дыябету.

Ён шматкроць наносіў вадкасць на шчаку на працягу сямі хвілін. Затым Ракус разжаваў лісце і нанёс атрыманую сумесь на паверхню раны. На працягу паўгадзіны ён працягваў харчавацца гэтай раслінай.

Навукоўцы і раней заўважалі, як гэтыя малпы жавалі гэты від лячэбнай травы, але накладанне жывёламі такога кампрэсу на рану яны назіраюць упершыню.

Сумесь і лісце, відаць, аказалі эфект — даследчыкі не ўбачылі ніякіх прыкмет інфекцыі, а праз пяць дзён рана цалкам зацягнулася.

Праз месяц Ракус цалкам ачуняў.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што Ракус ведаў, што выкарыстоўвае лекавае лісце, паколькі арангутаны вельмі рэдка ўжываюць у ежу менавіта гэту расліну. Яшчэ адным доказам паслужыла працягласць працэдуры.

«Ён неаднаразова наносіў масу, а пазней таксама нанёс больш цвёрдую раслінную сумесь. Увесь працэс доўжыўся доўга — таму мы лічым, што ён наўмысна ўжываў гэты сродак», — тлумачыць доктар Лаўмер.

Даследчыкі таксама заўважылі, што Ракус адпачываў значна даўжэй звычайнага — больш за палову дня, — гэта кажа пра тое, што ён спрабаваў аднавіць сілы пасля атрыманай траўмы.

Навукоўцы сцвярджаюць, што такія паводзіны могуць ісці ад агульнага продка людзей і чалавекападобных малпаў.

«Яны — нашы найбліжэйшыя сваякі, і гэта яшчэ раз паказвае на тое, што ў нас з імі ёсць агульныя рысы. У нас больш падабенства, чым адрозненняў», — кажа біёлаг з Інстытута Макса Планка ў Германіі і вядучы аўтар даследавання Ізабэла Лаўмер.

Клас
46
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
11
Сумна
1
Абуральна
4