Фота: Francisco Seco / AP

Фота: Francisco Seco / AP

Украінскі баксёр Аляксандр Усік перамог брытанца Тайсана Ф'юры ў паядынку за тытул абсалютнага чэмпіёна свету ў боксе ў суперцяжкай вазе, піша Бі-бі-сі.

Бой ішоў 12 раўндаў, перамога дасталася Усіку раздзельным рашэннем суддзяў: 115:112, 113:114, 114:113. У дзявятым раўндзе ўкраінец адправіў суперніка ў накдаўн, але той змог працягнуць бой.

Цяпер Усік валодае тытуламі па ўсіх чатырох найбольш прэстыжных версіях — WBC, WBA, WBO і IBF.

37-гадовы Усік выйграў усе свае баі на прафесійным рынгу, а для 35-гадовага Ф'юры гэта першае паражэнне ў кар'еры.

Памер іх ганарару за бой, па паведамленнях розных крыніц, на дваіх склаў каля 100 млн даляраў.

«Я лічу, што выйграў гэты бой, магчыма ён выйграў некалькі раўндаў, але большасць з іх за мной. Мы абодва правялі добры паядынак. Яго краіна знаходзіцца ў стане вайны, таму людзі становяцца на бок ваюючай краіны. На маю думку, я выйграў бой», — пракаментаваў Ф'юры рашэнне суддзяў.

Вусік тут жа пагадзіўся на рэванш.

Пасля перамогі на рынгу ўкраінец звярнуўся да нябожчыка бацькі: «Бацька, ты чуеш мяне? Мы гэта зрабілі! Мы гэта зрабілі! Дзякуй вялікі маёй камандзе, дзякуй майму Богу, Ісусу. Выдатны час, выдатны дзень. Тайсан, без цябе гэты бой не быў бы магчымым. Неадкладны рэванш? Так, вядома. Я гатовы да рэваншу».

Паядынак, які завяршыўся ў ноч на нядзелю ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе, неаднаразова пераносіўся. Спачатку ён быў прызначаны на снежань 2023 года, але тады Ф'юры запытаў час на аднаўленне пасля іншага бою. Сустрэчу перанеслі на люты, але бой не адбыўся і тады праз рассячэнне ў Ф'юры на трэніроўцы.

За матчам у Riyadh's Kingdom Arena назіралі 20 тысяч чалавек, уключаючы мноства знакамітасцяў.

Клас
34
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4