Tradycyjnaja smykovaja muzyka Belarusi

04.11.2005 / 13:00

І цымбалы, і басэтля.

Альбом спадабаецца тым, хто цікавіцца гісторыяй таго, што некалі гралася на беларускіх землях. Склад капэлі (Марына Калечыц — цымбалы; Ганна Харчанка — басэтля, скрыпка; Юры Рамашэўскі — басэтля; Алесь Лось — скрыпка, бубен) набліжаны да аўтэнтыкі і выконвае папулярныя танцы і мэлёдыі былых часоў. Музыка зацягвае і не дае хвіліны адпачынку. Хоць, па вялікім рахунку, яна стваралася дзеля яго — адпачынку. Полькі, абэракі, мазуркі, вальсы — цудоўны набор мэлёдый, якія, аднак, ня надта ўпісваюцца ў цяперашнюю рэальнасьць зь яе псэўданароднымі скокамі на чарговых «Дажымках» з ураджаю ці тым больш «Славянскіх базах» па нарыхтоўцы поп-корну.

Але капэлю А.Лося не запросяць на дзяржаўныя ўрачыстасьці. Нават з полькай «Дажынкі». Бо выконвае ён — сапраўднае. А на парадку дня стаіць — папса, псэўданародная, затое абласканая ненаглядным Мінкультам.

Альбом тыражаваны мінімальна намаганьнямі саміх выканаўцаў. Таму ня дзеля рэклямы, а дзеля таго каб гэтую музыку пачулі: los@lingvo.minsk.by.

Аўтэнтычны Слухач