Міністр Маскевіч: Падаўжэнне навучальнага года павінна быць толькі ў інтарэсах сям'і і дзіцяці

20.12.2012 / 12:33

Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч сёння на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента.

«Калі навучальны год стане даўжэйшым, нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Але з якой мэтай?» — задаўся пытаннем міністр.
Паводле яго слоў, адна справа, калі гэта разгрузіць дзяцей, але зусім іншае, калі будзе вялікая нагрузка.
«Мы зараз займаемся аналізам. Калі гэта будзе ў інтарэсах дзяцей, то ніякіх праблем тут не бачу», — сказаў Сяргей Маскевіч.
Ён падкрэсліў, што калі падаўжэнне будзе не ў інтарэсах сям’і і дзіцяці, то такога павелічэння навучальнага года не трэба рабіць.