Расіянін згубіў у цягніку Пецярбург — Брэст пярсцёнак коштам 50 тыс. даляраў

22.12.2012 / 13:21

Жабінкаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі 21 снежня распачата справа паводле артыкула 215 Крымінальнага кодэкса (прысваенне знойдзенага) па факце прапажы каштоўнай рэчы.

Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС, 24 лістапада ў транспартную міліцыю звярнуўся 57-гадовы грамадзянін Расіі, жыхар Мурманска. Ён расказаў, што на століку пад сурвэткай у купэ цягніка Санкт-Пецярбург — Брэст забыў пярсцёнак з брыльянтам коштам 426,5 млн. рублёў. Адсутнасць каштоўнай рэчы выявіў у Жабінцы, куды прыехаў да жонкі.

Праводзіцца расследаванне.