Лябедзька едзе ў Магілёў разьбірацца з партыйнымі шарагоўцамі

Лідэр АГП прызначыў на 30 ліпеня канчатковы разгляд пытаньня, што рабіць з тымі сябрамі партыі, якія далучыліся да руху «За свабоду».

23.07.2007 / 13:08

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прызначыў на 30 ліпеня канчатковы разгляд пытання, што рабіць з тымі сябрамі партыі, што далучыліся да руху «За свабоду». Найбольш востра гэтая праблема паўстала ў Магілёве і Гомелі.

І менавіта ў Магілёў лідэр АГП вырашыў завітаць, каб пазнаёміцца з настроямі шарагоўцаў. Кіраўнік мясцовай гарадской суполкі АГП Сяргей Стральцоў атрымаў папярэджанне, што будзе выключаны з партыі, калі не выканае рашэнні Палітсавету АГП, чарговае пасяджанне якога адбудзецца ў перадапошні дзень ліпеня.

Спадар Стральцоў, у сваю чаргу, заяўляе, што яму незразумела, якія ўвогуле рашэнні маюцца на ўвазе. Бо з Мінску яны ў пісьмовым выглядзе даўно ўжо не прыходзяць, і пра тое, што адбываецца ў сталіцы, мясцовыя актывісты даведваюцца праз інтэрнэт.

У выніку ўзаемнай пікіроўкі ніякага канкрэтнага рашэння ў Магілёве прынята не было. Анатоль Лябедзька прызнаў, што большасць партыйцаў выступаюць за актыўныя дзеянні, але сам лідар АГП — за больш памяркоўны шлях развіцця. Спадару Стральцову ён параіў добра падумаць да 30 ліпеня.

Радыё Рацыя