Лукашэнка чарговы раз крытыкаваў урад

Гэтым разам за дэфіцыт цэмэнту.

24.07.2007 / 12:01

Аляксандар Лукашэнка сёньня на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця цэмэнтнай прамысловасьці крытыкаваў урад за ўзнікшую ў Беларусі сытуацыю з дэфіцытам цэмэнту.

Прэзідэнт запатрабаваў павялічыць выпуск цэменту ў краіне ў тры разы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зрабіць неабходныя крокі трэба ўжо ў бліжэйшы час. Сёння, паводле слоў прэзідэнта, неабходна пашыраць вытворчасць, мадэрнізаваць старыя прадпрыемствы, а таксама на аснове аналізу айчыннага і перадавога замежнага вопыту канчаткова вызначыць прыярытэтныя напрамкі тэхнічнага перааснашчэння цэментнай прамысловасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў неабходна арыентаваць іх работу на той сыравіне, якая ёсць у Беларусі. «Навошта мы будзем тут будаваць тое, для чаго заўтра давядзецца закупляць сыравіну? Нам не патрэбны такія вытворчасці, ад якіх мы зноў трапім у залежнасць», — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што на працягу двух‑трох гадоў трэба вывесці работу заводаў на ўзровень сусветных стандартаў.