Беларускі пояс за 3,5 мільёна - фота

Якіх толькі цэнаў сёння не ўбачыш у крамах. Аднак нацыянальны пояс за 3.652.600 рублёў, перасягнуў самыя смелыя чаканні!

10.02.2013 / 09:55

Спрабуючы ўбраць дзіця ў беларускі нацыянальны касцюм для дзіцячага ранішніка, карэспандэнт «Салідарнасці» зайшла ў сталічны магазін «Лянок». Там і быў знойдзены тканы паясок шырынёй у 8 см па цане, якая больш нагадвае сярэдні заробак беларуса, — 3.652.600 рублёў.

І хоць ні залатых, ні срэбных нітак у ім не назіралася, у пытанні цаны вытворцы засталіся верныя традыцыям старажытных ткачоў слаўнага горада Слуцка.
Дарэчы сказаць, дадзены пояс быў выраблены на РУП «Слуцкія паясы». Прычым, як запэўніў прадавец, гэты асобнік — яшчэ не самы дарагі (няўжо астатнія раскупілі?).
Дзеля цікаўнасці зазірнула на сайт тавараў ад вядучых еўрапейскіх дызайнераў. Скураны пояс ад Valentino каштаваў бы ў разы танней.

Улічваючы, што намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў Беларусі ў студзені-снежні 2012 года, па дадзеных Белстата, склала 3 млн 740,1 тыс. рублёў, выходзіць, што на сваю зарплату беларусы могуць хіба што падперазацца.