Смалявіцкі раённы суд апраўдаў актывіста, абвінавачанага ў брыдкаслоўі

Аляксандар Сырычко быў затрыманы міліцыянтам пасьля акцыі «Дзе Сьвятло?». У пастарунку на на яго склалі пратакол аб хуліганцкіх паводзінах.

09.08.2007 / 09:17

7 жніўня ў горадзе Смалявічы, што на Меншчыне, на цэнтральнай плошчы насупраць райвыканкаму была праведзена акцыя пад назвай «Дзе Сьвятло?». Гэтя падзея была зьвязаная з тым, што мясцовыя ўлады эканомяць электрычнасьць і ўжо пайшоў 3 месяц, як на вуліцах гораду не гараць ліхтары.

У акцыі прымалі ўдзел каля 60 чалавек, сярод якіх былі моладзевыя дэмакратычныя актывісты і проста незаангажаваная моладзь гораду. Выклаўшы на зямлі з запаленых сьвечак пытаньне «Дзе Сьвятло?», удзельнікі акцыі спрабавала прыцягнуць увагу да праблемы цемры на вуліцах.

Пасьля заканчэньня мерапрыемства моладзь не сьпяшалася разыходзіцца. Адзін з удзельнікаў - Аляксандар Сырычко быў затрыманы міліцыянтам, дастаўлены ў пастарунак, дзе на яго быў складзены адміністратыўны пратакол аб хуліганцкіх паводзінах. На раніцу адбыўся суд, судзьдзя ўлічыла сьведчаньні з боку абвінавачанага і апраўдала хлопца.

«Вясна»