На сайце БЧ запрацавала беларуская версія — пакуль няпоўная

Стваральнікі абяцаюць дапрацаваць яе.

02.04.2013 / 19:49

Ад 2 красавіка запрацавала беларуская версія сайту Беларускай чыгункі. "Беларускамоўныя карыстальнікі змогуць атрымаць доступ да разнастайнай інфармацыі аб дзейнасці Беларускай чыгункі, перавозках пасажыраў і грузаў, турызме і адпачынку, а таксама да шэрагу інфармацыйна-даведачных сэрвісаў", -- паведамляе прэс-цэнтр БЧ.

Версія пакуль не поўная: з сервісаў, якія выклікаюць найбольшую цікавасць у наведнікаў, па-беларуску даступны толькі расклад руху цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа і гарадскіх ліній.

Калі ж спрабуеш даведацца расклад руху цягнікоў міжнародных ліній, міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнэс-класу, а таксама набыць білет праз інтэрнэт, беларуская версія выкідае папярэджанне аб тым, што сэрвісы функцыянуюць на расейскай мове.

Але ёсць спадзеў, што з часам беларуская версія запрацуе ў поўным аб'ёме. Яе стваральнікі называюць зробленае "першым крокам на шляху стварэння шматмоўных сэрвісаў для кліентаў Беларускай чыгункi".

* * *

Калі Беларуская чыгунка абнавіла дызайн сайту, многіх наведнікаў абурыла тое, што ён быў аформлены выключна па-расейску. Шматлікія звароты чытачоў праз форму зваротнай сувязі зрабілі сваю справу: паступова сайт БЧ беларусізуецца.

СМ