Паліцыя правяла ператрус у офісе «Укантакце» і на кватэры яе кіраўніка

16.04.2013 / 22:19

Журналісты ля офіса Укантакце

Супрацоўнікі расійскай паліцыі правялі ператрус у офісе сацыяльнай сеткі «Укантакце» ў Санкт-Пецярбургу. Паліцэйскія забралі ўнутраны відэасэрвер кампаніі, на якім захоўваліся запісы з камер назірання.

Ператрусы прайшлі таксама ў кватэры кіраўніка «Укантакце» Паўла Дурава.

Ператрус у штаб-кватэры сацыяльнай сеткі прайшоў у рамках крымінальнай справы аб наездзе на паліцэйскага. ДТЗ, у датычнасці да якога падазраюць Дурава, адбылося 5 красавіка: белы «Мэрсэдэс», парушыўшы правілы дарожнага руху, збіў паліцэйскага. Кіроўца аўтамабіля збег ад супрацоўнікаў ДПС, выбегшы з машыны.

Сцвярджалася, што «Мэрсэдэсам», які збіў паліцэйскага, часта кіруе Павел Дураў.

У 2013 годзе сацыяльная сетка «Укантакце» некалькі разоў апыналася ў цэнтры скандалу.
У прыватнасці, карыстальнікі абвінавацілі групы, прысвечаныя дзіцячай модзе, у парнаграфіі, а «Новая газета» апублікавала артыкул, у якім фактычна абвінаваціла былога прэс-сакратара сацсеткі Уладзіслава Цыплухіна ў працы на адміністрацыю прэзідэнта Расіі.