Пешаходаў будуць штрафаваць за адсутнасьць флікераў

Ад панядзелка супрацоўнікі ДАІ, а таксама участковыя інспэктары будуць патруляваць вызначаныя ім участкі трасаў і штрафаваць пешаходаў за адсутнасьць на вопратцы сьвятловяртальных элемэнтаў.

20.08.2007 / 16:05

Па словах начальніцы аддзелу па агітацыі прапагандзе Дзяржаўтаінспэкцыі Ганны Банадык, ад панядзелка супрацоўнікі ДАІ, а таксама участковыя інспэктары будуць патруляваць вызначаныя ім участкі трасаў і штрафаваць пешаходаў за адсутнасьць на вопратцы сьвятловяртальных элемэнтаў.

Згодна з новым адміністрацыйным кодэксам, за невыкарыстаньне флікераў прадугледжаны штраф у 15,5 тысяч рублёў, а за гэта ж парушэньне зьдзейсьненае нападпітку беларусы рызыкуюць заплаціць да трох базавых велічыняў.

Адметна тое, што, нягледзячы на заявы беларускіх прадпрыемстваў аб пачатку масавага выпуску сьвятлавяртальнікаў, ў продажы цяпер можна знайсьці флікеры выключна расейскай вытворчасьці.

ДАІ наступным чынам бачыць вырашэньне гэтай сытуацыі: «Днямі ў Менску адбудзецца флікер‑тэст, які вызначыць, прадукцыя якіх прадпрыемстваў будзе падтрыманая на айчынным рынку.» Ганна Банадык акрэсьлівае асноўныя патрабаваньні да сьвятлавяртальнікаў. На яе думку, апроч аптычных якасьцяў гэта прывабны дызайн і адносна невялікі кошт.

Барыс Гарэцкі