На 34-м годзе памёр акцёр Брэсцкага тэатра Віктар Піскун

17.05.2013 / 12:21

Маладога акцёра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Віктара Піскуна ведалі і любілі. За сваё кароткае тэатральнае жыццё ён сыграў больш за 20 роляў у розных пастаноўках. Захапляў сваёй гульнёй дарослых у сур'ёзных спектаклях і цешыў дзяцей у вясёлых казках.

Віктар вучыўся ў Беларускім універсітэце культуры. Працаваў у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы з 2000 года. Ён меў дзіўны талент пераўвасаблення. Сярод роляў: Усяслаў («Крыж кахання»), Недзім («Саламея Русецкая»), Мядзведзь («Звычайны цуд»), Альфрэд («Каханнем не жартуюць»); «Рамэа і Джульета» (Парыс) ды інш.

У апошнія гады яго рэпертуар значна папоўніўся новымі ролямі ў спектаклях. Сярод іх - бліскучая гульня ў пастаноўках «Прымакi» (Мацейка), «Злачынства і пакаранне» (Раскольнікаў), «Чорны анёл з белымі крыламі» (Самойлаў), «Сіўка-Бурка» (Іван) ды шмат іншых.

Ён памёр пасля доўгай хваробы. Яму было 33 гады.