Усё ж аштрафавалі за беларускую мову на мяжы

30 базавых велічыняў штрафу атрымаў гомельскі актывіст Сяргей Сямёнаў за патрабаваньне прадаставіць беларускамоўны блянк мытнай дэклярацыі.

30.08.2007 / 18:52

30 базавых велічыняў штрафу (930 тыс. руб.) атрымаў гомельскі актывіст Сяргей Сямёнаў за патрабаванне прадаставіць беларускамоўны бланк мытнай дэкларацыі. Такое рашэнне вынесла суддзя Цэнтральнага раённага суда Марына Даменка.

Нагадаем, 21 жніўня ў актывіста Сяргея Сямёнава ў памежным пункце «Церуха» беларуска‑ўкраінскай мяжы мытнікі запатрабавалі запоўніць дэкларацыю. Маладзён адказаў на гэта, што гатовы прадаставіць неабходную інфармацыю ў вуснай форме. Аднак супрацоўнікі мытні азнаёмілі яго з пастановай. У ёй паведамлялася, што спадар Сямёнаў па запатрабаванню мытні абавязаны запаўняць дэкларацыю выключна ў пісьмовай форме. Вынікам непрацяглай размовы з супрацоўнікамі мытнага камітэта сталася складанне пратакола «аб непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка мытні».

Як паведаміў Рацыі Сяргей Сямёнаў, суд адбыўся за пару хвілінаў: «Суд праходзіў звычайна. Я патлумачыў, што не адмаўляўся ад запаўнення мытнай дэкларацыі, а проста папрасіў выдаць бланк ці на беларускай мове, ці выклікаць перакладчыка. Суддзя падумала літаральна хвілінаў 5‑10 і сказала, што я вінаваты».

Актывіст збіраецца абскарджваць рашэнне ў абласным судзе, а таксама падаць заяву ў пракуратуру на супрацоўнікаў мытні за паклёп.

Радыё Рацыя