Мінгарсуд адмовіўся разглядаць скаргу сваякоў пакаранага смерцю Кавалёва

26.08.2013 / 13:43

Мінскі гарадскі суд 26 жніўня адмовіўся разгледзець скаргу маці і сястры Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных паводле абвінавачання ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро, на дзеянні дзяржорганаў, якія адмаўляюцца раскрыць месца яго пахавання. Суддзя Аксана Будоўская пагадзілася з высновамі суда Кастрычніцкага раёна Мінска аб тым, што разгляд гэтага звароту не падведамасны агульным судам Беларусі.

Любоў Кавалёва паведаміла журналістам, што іншага рашэння суда яна і не чакала.

«Адмоўны вынік — таксама вынік. Будзем звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі. У прыватнасці, плануем абскардзіць рашэнне суда спачатку ў наглядным парадку, а затым — у Вярхоўным судзе», — сказала маці пакаранага.

Скаргу ў Мінгарсуд Любоў Кавалёва і яе дачка Таццяна Казяр накіравалі 6 жніўня. Жанчыны інфармуюць, што суд Кастрычніцкага раёна Мінска, куды яны звярталіся раней, неправамерна адмовіў ім у распачынанні грамадзянскай справы па скарзе на дзеянні КДБ, МУС і дэпартамента выканання пакаранняў МУС, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахавання Уладзіслава Кавалёва. Свае дзеянні гэтыя дзяржорганы матывуюць ч. 5 арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, згодна з якой «цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца».

Маці і сястра расстралянага аргументуюць сваю пазіцыю рашэннем Камітэта ААН па правах чалавека, які пры разглядзе справы Кавалёва ўстанавіў, што ўтойванне месца пахавання пакаранага ўяўляе сабой парушэнне арт. 7 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўстанаўлівае забарону катавання і жорсткага бесчалавечнага абыходжання.

Каментуючы сітуацыю, праваабаронца Раман Кісляк, які аказвае прававую дапамогу сваячкам Кавалёва, падкрэсліў: «У гэтым выпадку мае месца адмова ў правасуддзі. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска ў сваёй пастанове ад адмове ў распачынанні справы ўказаў, што справа не падведамасная суду, бо гэтыя пытанні вырашаюцца ў іншым, несудовым парадку. Але ў рэальнасці ніякага іншага парадку або працэдуры для вырашэння гэтых пытанняў папросту не існуе».

У выніку выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску 11 красавіка 2011 года загінулі 15 чалавек, 315 — пацярпелі. Ва ўчыненні тэракта быў абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў, Уладзіслава Кавалёва прызналі яго саўдзельнікам. Абодва былі жыхарамі Віцебска. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прыгаварыў маладых людзей да вышэйшай меры пакарання. Канавалаў прызнаў сваю віну ў судзе і па памілаванне да прэзідэнта не звяртаўся, Кавалёў такое прашэнне падаў. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, абодва былі расстраляныя ў сярэдзіне сакавіка 2012 года.