Кальварыйскія могілкі, легенды Мінска і індастрыял 1930-х

«Наша Ніва» сустрэлася з экскурсаводам Паўлам Дзюсекавым.

15.09.2013 / 11:53

Выпускнік Педагагічнага ўніверсітэта Павел Дзюсекаў ладзіць для ўсіх ахвотных бясплатныя экскурсіі па Мінску — атрымліваецца сабраць зацікаўленых нават пры маразах мінус 15. «НН» паразмаўляла з пра бясплатныя экскурсіі, сакрэты Кальварыйскіх могілак і легенды старога Мінска.

НН: Як з’явілася ідэя ладзіць экскурсіі?

Павел Дзюсекаў: Неяк у лютым мне прыйшла ў галаву ідэя зрабіць бясплатную экскурсію: студзень, люты і сакавік — гэта для любога экскурсавода мёртвы сезон, а тут заадно і магчымасць не губляць форму. Ахвотных было шмат, прыйшлі нават іншыя экскурсаводы. Першая вандроўка была па гістарычным цэнтры Мінска, сабралася каля 30 чалавек. Цяпер такія экскурсіі праходзяць раз на месяц.

НН: Наступная вандроўка плануецца па Кальварыйскіх могілках. Адкуль цікавасць да іх?

ПД: Першы раз на Кальварыі я апынуўся ў 2004-м, пра яе мне распавёў мой выкладчык гісторыі Іван Сацукевіч. У 15 гадоў мне было цікава паездзіць па Беларусі, павандраваць па Мінску. Кальварыя мяне вельмі зацікавіла. Я вярнуўся туды ў 2005 г. з сябрамі, і мы пачалі аднаўляць цэнтральную алею, чысціць ад хмызнякоў і камянёў, працавалі некалькі разоў на тыдзень.

НН: Што ўяўляе з сябе экскурсія?

ПД: Могілкі невялікія, але экскурсія доўжыцца чатыры гадзіны. Звычайна праз дзве гадзіны сыходзіць палова ўдзельнікаў, у канцы застаецца чалавек 15, для іх я расказваю самае цікавае: паказваю падземныя склепы, распавядаю пра мясцовых прывідаў. Паказваю магілу Яна-Баляслава Луцкевіча, бацькі братоў Луцкевічаў. Можна сказаць, што без гэтага чалавека ніколі б не было Незалежнасці, і гісторыя краіны была б іншай. На Кальварыі вельмі цікавы касцёл, пра існаванне якога мала хто ведае. У яго заўжды пускаюць, вельмі прыязна ставяцца да наведнікаў.

НН: Аднак у вас ёсць экскурсія не толькі па Кальварыі і гістарычным цэнтры…

ПД: Ёсць «Легенды і паданні старога Мінска», «Мясціны БНР». Гістарычны цэнтр, напрыклад, — гэта вельмі простая і цікавая рэч. Я распавядаю пра тыя будынкі, якія можна ўбачыць. Я паказваю людзям месцы, міма якіх яны праходзілі трыста тысяч разоў, але не ведалі, што тут ставілася «Сялянка», а тут жыў Манюшка. У дворыку Архікатэдральнага касцёла распавядаю пра езуітаў, пасля дзялю групу на дзве часткі і пераношу яе ў атмасферу калегіума.

НН: А што тычыцца легендаў Мінска?

ПД: Гэта маршрут ад Чырвонага касцёла да Свіслачы ці да былой вуліцы Юр’еўскай. У цэнтры горада засталіся такія мясцінкі камерныя, у якіх цалкам захаваўся той самы «Дух горада». Напрыклад, можна паглядзець на Чырвоны касцёл ад плябаніі, і ўбачыць яго ў выглядзе з 1910 года, там нічога не змянілася. Пасля Валадарка, пасля турэцкае пасольства і нунцыятура Ватыкана, дзе суседзяць каталікі і мусульмане, дом, дзе была абвешчана БНР. Дворык пажарнага — першае дэпо Мінска. «Чырвоны двор» — ён, праўда, надта распіяраны, але там захавалася атмасфера 1910-30-х, тагачасны індастрыял. І заканчваецца экскурсія на вуліцы Юр’еўскай, ад якой засталіся два схаваныя за музеем Вялікай айчыннай вайны дамкі. На гэтай вуліцы жыла сям’я Янкі Лучыны. Вось такі фінал — вуліца, якой не існуе.

НН: Ці сутыкаліся вы з перашкодамі ў працы?

ПД: Было шмат перасцярогаў, былі і нечаканыя прыгоды. Першая прыгода — фэст экскурсаводаў, які скончыўся ў пастарунку. На Кальварыю тады прыйшло 120 чалавек, мы прайшлі палову маршрута, у выніку адміністрацыя выклікала міліцыю. Скончылася тым, што арганізатары давалі тлумачэнні — аказалася, што за права правесці экскурсію трэба плаціць 90 тысяч. Для мяне было прынцыпова там працаваць, таму зараз мы будзем збіраць на экскурсіі па 15 тысяч, 90 з іх аддаваць адміністрацыі, астатняе — касцёлу.

НН: То бок вы будзеце і далей працаваць на Кальварыі?

ПД: У мяне ёсць мара — сабраць чалавек дзвесце і за тыдзень прывесці Кальварыю ў парадак. Яна можа стаць сапраўдным турыстычным аб’ектам. Я планую пісаць кнігу пра Кальварыю.

НН: Ці засталіся ў Мінску, ды і ў Беларусі, іншыя аб’екты, не ахопленыя ўвагай экскурсаводаў?

ПД: Ёсць касцёл на плошчы Свабоды, яго бачылі ўсе. Аднак ці бачылі яго калісьці «са спіны»? Вось амаль ніхто не бачыў. Гэты касцёл застаецца двухвымерным для мінчан, аднак калі яго не бачыць збоку, можна сказаць, што вы яго ўвогуле не бачылі. Што тычыцца Беларусі, то куды звычайна возяць турыстаў? Мір, Нясвіж і Гродна. Пры чым складаецца такое ўражанне, што Гродна жыве само па сабе, турысты бачаць трохі іншае. Дый нават з Лініі Сталіна можна зрабіць класны турыстычны аб’ект — там ёсць што паказаць, толькі трэба перайменаваць яе, назваць Мінскім умацаваным раёнам, цалкам нармальны аб’ект атрымаецца.

НН: Людзі, якія прыходзяць на экскурсіі — гэта аматары гісторыі ці проста выпадковыя наведнікі?

ПД: У асноўным — зацікаўленыя людзі, якія з цягам часу прыводзяць з сабой сваіх сяброў і сваякоў. 24 лютага у нас была экскурсія пры мінус 15, і ніхто не сышоў — значыцца, прага ведаў і цікаўнасць да сваёй гісторыі ёсць.

Расклад экскурсій Паўла Дзюсекава можна знайсці Укантакце.

Гутарыў Юрась Ускоў