Які ў вас туалет, залежыць ад узроўню адукацыі

Да такой высновы прыйшлі аўтары даследавання, праведзенага ЮНІСЕФ і Белстатам.

27.09.2013 / 13:53

Тураў (Гомельская вобласць), photo.bymedia.net

Адрозненні ў тыпах туалетаў беларусаў залежаць ад узроўню адукацыі галавы сям’і.

Сучасны туалет са змывам, спалучаны з сістэмай каналізацыі, выкарыстоўваюць 88,4% сем’яў, галава якой мае дыплом аб вышэйшай адукацыі. І толькі чвэрць (26,5%) сем’яў, кіраўнік якой скончыў пачатковую школу.

Аднак больш вызначальным з’яўляецца фактар дабрабыту сям’і і месца пражывання.

Толькі 4,4% найменш забяспечаных беларусаў маюць туалет са змывам, спалучаным з каналізацыяй.

Больш за траціну (38,3%) сельскіх жыхароў карыстаюцца туалетам з выграбной ямай і насцілам для сядзення.

Да такой высновы прыйшлі аўтары маштабнага даследавання па ацэнцы становішча жанчын і дзяцей у Беларусі, праведзенага дзіцячым фондам ААН і Нацыянальным статыстычным камітэтам (Белстат). Адзін з раздзелаў выніковага дакладу прысвечаны водазабеспячэнню і санітарыі ў беларускіх сем’ях.

Абсалютная большасць беларусаў карыстаюцца палепшанымі санітарна-гігіенічнымі прыладамі для выдалення экскрэментаў.

Выключэнне — Гомельская і Мінская вобласць, дзе гэты паказчык склаў 94,7 і 96,8% адпаведна.

Пры гэтым палепшанымі прыладамі лічацца тыя, што дазваляюць гігіенічна выдаляць адкіды жыццядзейнасці, без кантакту з чалавекам. Сюды адносяць туалет са змывам, спалучаны з каналізацыяй, адстойнікам ці выграбной ямай; туалет з добраўпарадкаванай выграбной ямай і вентыляцыяй, а таксама туалет з выграбной ямай і насцілам для сядзення.

АР