Як амерыканцы здымалі ў Беларусі Перу

Мінск стаў Лімай, а Валадарка — турмой у Андах.

28.09.2013 / 22:04

Сцэна пагоні, знятая на праспекце Незалежнасці (ў часе здымак — Францыска Скарыны).

Сцэна пагоні, знятая на праспекце Незалежнасці (ў часе здымак — Францыска Скарыны). У кадры бачныя расійскія аўто УАЗ і «Волга».

Сцэна, знятая ў аэрапорце Мінск-2, на табло бачнае слова «среда».

Каля Валадаркі «выраслі» пальмы.

Каля Валадаркі «выраслі» пальмы.

Здымачную групу пусцілі для здымак на тэрыторыю турмы.

Цяпер гэта гучыць як сенсацыя альбо экзотыка, але напрыканцы 1990-ых у Мінску актыўна працавалі амерыканскія кінематграфісты.

Знойдзены блогерам darriuss’ам фільм «Ліма: тыя, хто сарваўся з ланцуга» ўвогуле здзівіў інтэрнаўтаў — апынулася, што ў 1998 годзе ў Мінску здымалі… сталіцу Перу і нават Нью-Ёрк.

Фільм Менахэма Голана быў прысвечаны паўстанцам Перу, якія захапілі ў закладнікі чальцоў ураду і дыпламатаў і патрабавалі выпусціць палітычных зняволеных.

«Ліма» зроблена ў жанры баявіка, фільм без цяжкасці знаходзіцца ў інтэрнэце.

Што здзіўляе беларускага гледача, дык гэта да болю знаёмыя пейзажы перуанскіх вуліц — як іранічна заўважаюць карыстальнікі інтэрнэта, у аэрапорце Лімы («Мінск-2») на табло можна ўбачыць надпіс «Среда», і даведацца, што на той самы дзень запланаваны рэйс у Краснадар.

Сцэны пагоні на вуліцах Лімы таксама ўражваюць — у ролі перуанскай сталіцы «здымаліся» праспект Незалежнасці, вуліца Чырвоная, Плошча Свабоды, «стары горад» — вуліца Энгельса і Гандлёвая. Асобна трэба ўзгадаць і пра беспрэцэдэнтны выпадак — здымачную групу пусцілі нават у сумнавядомую турму на вуліцы Валадарскага.

«Насамрэч Голан зняў у Мінску не адзін фільм, тут было знята цэлых пяць стужак, — расказаў «НН» акцёр Аляксандр Кашпераў, які выканаў у фільме „Ліма“ роль расійскага амбасадара. — Відаць, гэта было эканамічна выгадна і танна, здымаць у Мінску».

Успаміны пра здымкі «Лімы» у спадара Кашперава выключна прыемныя.

«Амерыканцы былі надзвычай працавітыя, мы пачыналі здымаць, а 8-й і працавалі па дванаццаць гадзінаў, — узгадвае акцёр. — Галоўнай праблемай была мова, англійскую мы ведалі не вельмі добра, таму даводзілася карыстацца паслугамі перакладчыкаў.

Што тычыцца інтэр’ераў, дык амерыканскім гледачам спецыфіка Мінска, зразумела, у вочы не кідаецца. Таму зняць Ліму тут не было ніякіх праблем, у рэшце рэшт, у Мінску і Нью-Ёрк зняць можна».

Нью-ёркскія сцэны ў Беларусі таксама здымаліся — з разбора фільма Darriuss’ам вынікае, што ў адной са сцэн у Нью-Ёрку галоўны герой карыстаецца таксі маркі «Волга» службы 081, а памежны кантроль у аэрапорце Джона Кенэдзі да болю па сваім аздабленні нагадвае «Мінск-2».

«Ліма», якую не вельмі высока ацанілі крытыкі, і зараз яе рэйтынг на кінасайтах зусім невялікі, па словах Кашперава была вельмі актуальнай.

«Падзеі ў Перу былі надзвычай свежымі — Голан пачаў здымаць свой фільм праз два тыдні, пасля іх, — расказвае акцёр. — Нам вельмі добра тады плацілі. За адзін здымачны дзень тады плацілі мой месячны заробак у тэатры. Зверху здымачнай групе далі зялёнае святло, мы здымалі нават на Валадарцы».

Для амерыканцаў беларуская рэчаіснасць, па словах спадара Кашперава, была вельмі нязвыклай, аднак прыязнай.

«Напрыклад, праблема была ў беларускіх прыбіральнях, то бок для амерыканцаў зрабілі асобную, куды пускалі яшчэ толькі мяне, увесь час яна стаяла замкнёнай на ключ», — смяецца Кашпераў.

Дарэчы, Анды, дзе месціцца турма і японская амбасада, здымалі таксама ў Беларусі — калі дакладней, гэта Атоліна, у ролі амбасады зняўся Інстытут сельскай гаспадаркі, а інтэр'еры здымалі ў павільёнах Беларусьфільма.

«Дарэчы, у Мінску здымалі не толькі Нью-Ёрк і Ліму, — узгадвае спадар Кашпераў. — Таксама амерыканцы здымалі тут фільм пра падкоп у банку Берліна. Аднак, у гэтым выпадку, берлінскія вуліцы ўсё ж такі здымалі ў Берліне, а вось сам банк і іншыя сцэны ў павільёнах здымалі на „Беларусьфільме“.

Тут жа здымаўся фільм „Маскоўская сувязь“. Аднак з таго часу амерыканцы, канца 90-х бадай што ў Мінску і не працавалі».

Юрась Ускоў