Штогод купляць БелАЗ ня станеш

Затое кожны трэці ліфт у армянскіх дамах зроблены ў Магілёве. Прэс-канфэрэнцыю правёў пасол Арменіі ў Беларусі.

19.09.2007 / 17:00

Пра гэта ў часе прысьвечанай Дню незалежнасьці Армэніі прэс‑канфэрэнцыі паведаміў пасол гэтай краіны Алег Есаян.

Паводле словаў пасла, узаемадачыненьні нашых краінаў можна ахарактарызаваць як сяброўскія і плённыя. Агульны таваразварот у 2006 годзе склаў $24 млн. Зь іх $19,5 млн. складае беларускі экспарт у Армэнію. Такая прапорцыя склалася цягам некалькіх апошніх гадоў. Між іншым, Алег Есаян адзначыў, што ў сфэры эканомікі абедзьве краіны маюць вялізны патэнцыял.

«Разьвіцьцё турызму можа дадаткова стымуляваць гэтыя працэсы і нават закласьці падмурак новага этапу эканамічнага супрацоўніцтва» — падкрэсьліў пасол.

Пакуль жа стан турыстычных сувязяў між Армэніяй Беларусяй не найлепшы. Цягам апошняга летняга сэзону ў гэтую каўкаскую краіну на адпачынак выправіліся ўсяго некалькі дзясяткаў беларусаў.

Найперш, паводле А. Есаяна, цікавасьць у армянаў выклікае цяжкая тэхніка, што выпускаецца ў Беларусі. Прадукцыя жодзінскага БелАЗу запатрабаваная ў горна‑здабываючай прамысловасьці Армэніі. Аднак павелічэньне паставак беларускіх грузавікоў пакуль не плянуецца.

«Вы ж разумееце, што купляць штогод БелАЗ ня станеш», — патлумачыў пасол Армэніі.

На днях у Магілёў наведалася дэлегацыя зь Ерэвану. Госьці цікавяцца прадукцыяй «Магілёўліфтмашу». Інтарэс небеспадстаўны — 30% ліфтоў, што ходзяць у армянскіх дамах, вырабленыя ў Магілёве.

Сямён Печанко