Шэсце і мітынг у Курапатах дазволеныя

29.10.2013 / 15:04

Мінскі гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты задаволілі заяўку Кансерватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ на правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу памяці продкаў «Дзяды».

Традыцыйнае шэсце і мітынг у Курапатах пройдзе 3 лістапада. Збор удзельнікаў а 10:30 каля Гадзіннікавага завода (ст. метро «Парк Чалюскінцаў»). З 11:00 да 14:30 — шэсце ў Курапаты.

Удзельнікі шэсця пройдуць па традыцыйным маршруце ад мінскага парку Чалюскінцаў ва ўрочышча Курапаты праспектам Незалежнасці, вуліцамі Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Людзі будуць несці бел-чырвона-белыя сцягі і крыжы, якія ўсталююць у Курапатах, а таксама свечкі і кветкі.

Ад 30 кастрычніка 1988 года [першы раз адзначэнне было ў 1987 г.] традыцыйны дзень памінання нябожчыкаў — Дзяды — набыў характар грамадска-палітычнай падзеі.