Марданізацыя краіны. Камертон тыдня ад Сяргея Ваганава

30.11.2013 / 09:52

Уладзімір Бядуляў (у цэнтры) сярод механізатараў калгаса «Советская Белоруссия». Фота Эдуарда Кабяка.

…І прысніўся жудасны сон.

Быццам ідзе Аляксандр Рыгоравіч па бясконцым калідоры, а з-пад пахі ў яго выглядае нечая галава. Лыпае вачыма, шморгае носам… Я ціснуся да сцяны, а галава раптам прамаўляе: «Ды не палохайся, усё па справе. Ну, адкруціў мяне… Але, павер, моцна перажывае… Мо зноў прыкруціць. Галоўнае, каб было да чаго… Тулава, вось што галоўнае…» — «Ты хто?» — пытаюся. — «Хто-хто… Наменклатура я! Няўжо не пазнаеш?» — «Паспрабуй пазнай, калі ў цябе няма твару» — «Як гэта няма?! Вось нос, вось вочы…» — «Так, вочы ёсць, нос ёсць, а твару няма… А па якой, дарэчы, справе адкручана?» — «О, гэта найвялікшая справа. Мадэрнізацыяй называецца…»

…Не, лепш не глядзець на ноч тэлевізар і не гойсаць па інтэрнэце ў пошуках добрых навін. Усе добрыя навіны ў мінулым. Вось, да прыкладу, тая ж мадэрнізацыя. Памятаеце, калі звалілася на краіну гэта добрая навіна? Правільна, тры гады таму, напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, на Усебеларускім народным сходзе.

Я добра памятаю той усепсеўданародны сход. Такога трыумфу калгаснай дэмакратыі я не назіраў ажно ад 1971 года, калі пашанцавала пабываць на справаздачна-выбарчым сходзе ў калгасе «Советская Белоруссия», дзе старшынёй працаваў Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля. Калі нехта з прэзідыума спытаў, а дакладней, прамямліў пытанне, каму быць наступным старшынёй знакамітага на ўвесь СССР калгаса, па агромністай зале Палаца культуры пракаціўся незадаволены гул, а нейкая бабуля, што сядзела наперадзе, неўразумела заенчыла: «Божанькі ж мае… Каму, каму… Вядома ж, Лявонцьевічу!»

…«Ён шчэ жывы?» — пацікавіўся Аляксандр Рыгоравіч у народных выбр.., прабачце, выгнаннікаў з рабочых месцаў ажно на тры дні…

Лукашэнка ўзгадаў Бядулю ў тым моманце сваёй палымянай імправізацыі, калі зноў спяваў асанну калгасам. Бядуля, маўляў, крыкам крычаў, каб не рушылі калгасы…

Магчыма. Нават напэўна крычаў. Але я не чуў, каб ён крыкам крычаў, калі Лукашэнка кінуў за краты іншага калгаснага генія — Васіля Старавойтава… Не чуў я крыку і тады, калі яго самога, яшчэ дзейснага, жывога, Лукашэнка па ўсіх правілах калгаснай дэмакратыі адпраўляў на пенсійную мярцвячыну.

І вось вынік: прэзідэнт краіны не ведае, ці жывы яе герой. Нават двойчы Герой, з бюстам на замардаванай радзіме.

Не, я не агаварыўся. Агаварыўся Аляксандр Рыгоравіч: «Мы ніколі ні ад каго не зносім, […] пакуль я прэзідэнт, […] каб нам білі ў морду… Я буду змагацца за сваю краіну…»

Што ж гэта за радзіма такая, такая краіна, у якой замест твару «морда»?! Чую: не чапляйся да словаў. Адказваю: я «чапляюся» да фактаў. Да вядомых усім і кожнаму фактаў, якіх амаль за дваццаць гадоў «калгаснай дэмакратыі» не злічыць: ад збіцця дэпутатаў Вярхоўнага Савета да знікнення з жыцця вядомых палітыкаў; ад «вашывых блох» да «адмарозкаў»; ад Плошчы да «кайданкоў» і «адкручвання галоў» клеўрэтам…

Я ўважліва ўглядаўся ў твары людзей, што сабраліся тры гады таму ў Палацы Рэспублікі, услухоўваўся ў іхнія прамовы, у каторых, быццам заклінанне, паўтаралася, як некалі «камунізм», слова «мадэрнізацыя». Слова добрае. Але вось пытанне: ці магчыма мадэрнізацыя краіны ва ўмовах яе марданізацыі?

То бок рэжыму нікім і нічым, нават прыстойнасцямі, неабмежаванай улады аднаго чалавека.

То бок далейшага і канчатковага абязлічвання краіны.

Твар любой краіны вызначаецца разнастайнасцю твараў. Але як аднолькавыя былі твары ўдзельнікаў таго, нібыта усенароднага, сходу, як аднолькавыя былі іх прамовы, як аднолькавае было іх маўчанне. І нават аднолькавыя вялыя апладысменты. Хаця, не сумняюся, былі сярод іх разумнікі, выдатныя адмыслоўцы і цудоўныя працаўнікі. Хаця, не сумняюся, у душах калі не кожнага з іх, то ў шмат каго, прытаіўся прыгнечаны страхам згубіць працу ці нажытае пратэст. Хай нават толькі супраць прэзідэнцкіх «агаворак».

…А Бядуля, дзякуй Богу, жывы.

«За справаздачны перыяд, — пачаў ён тады, у 71-м, у разгар брэжнеўскага постсталінізму, сваю справаздачу, — сканалі…» Далей ішоў журботны спіс спачыўшых калгаснікаў, а напрыканцы «…Першы сакратар ЦК КПСС, старшыня Савета Міністраў СССР Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Прашу ўшанаваць іх памяць уставаннем…» Трэба было чуць, як загрукацела сядзеннямі зала, і бачыць, як у паўпрысяданні, быццам пераадольваючы незямную гравітацыю, прыўзнімаліся са сваіх месцаў партыйныя, ад калгаснага да рэспубліканскага, сакратары…

Бядуля не любіў хрушчоўскія эксперыменты, але быў занадта справядлівы, незалежны і нават авантурна па тым часе смелы, каб прабачыць партыйным бонзам хамства ў адносінах да звергнутага ў забыццё былога галавы дзяржавы.

Датычна ж да ягонай, таго Бядулі, галавы, то пад паху яна не сунулася і адкруціць ці прыкруціць яе было наўпрост немагчыма. Бо, каб тое было магчыма, трэба быць «вінцікам». А ён ім не быў.

Ён быў «лятаючы мужык», той Бядуля.

Хоць круць-верць, хоць верць-круць.

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru