Гродзенскі трэцякласнік прынёс дадому нямецкую гранату часоў Першай сусветнай

19.02.2014 / 19:36

У Гродне трэцякласнік знайшоў у двары і прынёс дадому металічны прадмет, які аказаўся нямецкай гранатай часоў Першай сусветнай вайны.

Пра гэта паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Міліцыю выклікала маці школьніка, якая ўбачыла небяспечную знаходку. Гранату ізалявала, а затым абясшкодзіла на палігоне сапёрна-піратэхнічная група вайсковай часці 5522 унутраных войскаў МУС. Высветлілася, што граната, праляжаўшы ў зямлі каля сотні гадоў, не страціла сваіх баявых паражаючых уласцівасцяў.