Я сапраўды люблю бляндынак

Нарвэгія зьдзівіла аэрапортам: шкляная падлога і дрэва — сучасны нарвэскі дызайн. Duty free на выхадзе… кажуць, ідэя швэдаў, спадабалася. Сучасныя паркінгі немагчыма адрозьніць ад аэрапорту.

04.04.2006 / 23:28

Нарвэгія зьдзівіла аэрапортам: шкляная падлога і дрэва — сучасны нарвэскі дызайн. Duty free на выхадзе… кажуць, ідэя швэдаў, спадабалася. Сучасныя паркінгі немагчыма адрозьніць ад аэрапорту.

У аўтобусе па дарозе ў горад ніхто не размаўляе, слухаюць плэеры, чытаюць часопісы.

Вуліца Осла ад цэнтральнага вакзалу да гатэлю — вуліца прастытутак і наркаманаў. Прастытуцыя легальная, наркаманы побач — паліцыі прасьцей назіраць за імі на спэцыяльна вызначанай тэрыторыі. У апошні час усходнеэўрапейскія прастытуткі ня вытрымалі канкурэнцыі з боку чорных таўшчэзных камэрунак — нахабныя, хапаюць за рукі незнаёмцаў.

Нарвэжцы ў прынцыпе не гавораць на вуліцы, сьмех і гучныя размовы — толькі ля ўнівэрсытэтаў ці моладзевых інтэрнатаў. Геаграфічная ізаляванасьць стала ізаляванасьцю пэрсанальнай — не турбаваць па дробязях, паважаць свабоду чалавека. Нарвэгія абмяркоўвала два дні, ці страляць па расейскім браканьерскім караблі «Электрон», які захапіў нарвэскіх кантралёраў, ці не... Івар зь міграцыйнай службы: «Нам даражэй добрыя стасункі з суседзямі, навошта страляць. Так, і мы добра ведаем, расейцы на нашым месцы празь пяць хвілін патапілі б…» Яны іншыя.

Праспаў сваю станцыю ў цягніку — вяртаюся дзьве станцыі назад на экспрэс-цягніку ў аэрапорт. Стуардэса пачынае распытваць, чаму выходжу раней, тлумачу. «Where are you from? Do you know where your hotel is?..» — усе размаўляюць па-ангельску, ад гандляра хот-догамі, кантралёра і кіроўцы аўтобуса да… усе размаўляюць. Бляндынка з доўгімі валасамі і нагамі даплаты за квіток так і не спытала. Марыя, знаёмая, тлумачыць: «Чалавек мае права на памылку…»

Нарвэгія — краіна двухмэтровых бляндынак, гардэробаў без гардэробшчыц. На квітку ў тэатар побач з нумарам месца і шэрагу — нумар у гардэробе. Пакідаеш свае рэчы — ніхто ня сочыць, адчуваю дыскамфорт. Іх інтэрпрэтацыя Дастаеўскага далёкая ад арыгіналу — ну, ня ўмее Раскольнікаў крычаць натуральна, нават у тэатры. Ня ведае іх культура крыку. Эмоцыі нарвэжцаў пастэльных таноў, трэба прыслухоўвацца.

Музэі, галерэі, дзіцячыя спартовыя сэкцыі — бясплатна. Усё, што зьвязана з тытунём і алькаголем — вельмі дорага: пляшка піва, звычайнага, нарвэскага, каштуе ў бары каля $10. «Дорага быць алькаголікам ў Нарвэгіі», — жаліцца новы знаёмы. Яго былая жонка падала на развод, дзеці па чарзе жывуць у кожнага зь іх, па тыдні. У адпачынак зь немаўляткам — таксама па чарзе.

Нарвэгія — першая краіна ў сьвеце па ўзроўні жыцьця. На вечарынцы, прысьвечанай фіналу конкурсу на найлепшы дызайн бакалаў для кактэйляў, адсутнічае фэйс-кантроль, як і дрэс-код. Усе апранаюцца як хочуць.

Адзін з самых высокіх узроўняў суіцыдаў — у Нарвэгіі…

Я бачыў камунізм.