Lazzaro. Памяцi Рыгора Барадулiна

11.04.2014 / 01:59

Узятыя на смерць павінны жыць
Р.Барадулін

Сорак сутак у смутку зямля
па сыночку любімым.
Ці ты чуеш, Паэце, здаля,
як гаруе Радзіма?
Па табе лугавіны, палі —
у жалобным шматроссі.
І ляцяць, і ляцяць жураўлі —
і галосяць, галосяць…
Па табе гоняць хвалі жальбы
учарнелыя рэкі.
У заплаканых хмар ад журбы
паапухлі павекі.
Хоць і пахне навокал вясной,
у душы — настальгія:
па табе, як па згубе сваёй,
плачуць сэрцы людскія.
Колькі дзён немагчыма суняць
слёзы бліжніх і дальніх!
Ды жывуць твае словы — гучаць
у радках геніяльных!
Ты чародкаю кніг
асвяціў беларушчыну ў свеце.
Колькі вершаў тваіх —
чыстым жэмчугам у інтэрнэце!
Колькі ты і сям’і, і сябрам
назбіраў успамінаў!
Колькі людзям цяпла, і дабра,
і любові пакінуў!
Ты аддаў чалавецтву даўгі —
і ўзышоў у нябёсы,
і адтуль, дзе пануюць багі,
ззяеш зоркаю Боскай.
Паглядзі: зноў ляцяць журавы
над Ушаччынай роднай!
Нат узяты на смерць, ты жывы!
На вякі бессмяротны!

Lazzaro