Адэскі губернатар: Ахвяры на сумленні міліцыі, якая гандлюе радзімай

03.05.2014 / 01:42

Адэскі губернатар усклаў адказнасць за смерць дзясяткаў людзей у часе сутычак між украінскімі ультрас і прарасійскімі баевікамі на адэскую міліцыю.

«Сённяшніх ахвяр у Адэсе можна было пазбегнуць», — напісаў Валянцін Неміроўскі ў сваім фэйсбуку.

«Сённяшніх ахвяр у Адэсе можна было пазбегнуць. Для гэтага сілавікам усяго толькі трэба было не гандляваць сваёй Радзімай, сваім сумленнем і трымацца Прысягі ўкраінскаму народу. Калі б міліцыя выконвала патрабаванні кіраўніцтва вобласці, а не займалася дыпламатыяй, сёння ўсё было б інакш. Але яны, як і заўсёды раней, думалі не пра краіну, а аб уласным камфорце. Сорам», — напісаў кіраўнік вобласці.

«Адэскія праваахоўнікі паказалі сябе з найгоршага боку. Усяго адзін прыклад. Паводле нашых звестак, на ўездзе ў Адэсу быў затрыманы аўтобус з «каларадамі», якіх перадалі мясцовай міліцыі. Але па загадзе вельмі высокага міліцэйскага начальства горада іх усіх адразу ж… адпусцілі. Міліцэйскім начальнікам займаюцца кампетэнтныя органы, але сам факт паказальны», — піша кіраўнік выканаўчай улады.