Жанчыну вылечылі ад раку з дапамогай вірусу адру

16.05.2014 / 11:17

Дактары амерыканскай клінікі Мэё ў горадзе Рочэстар падчас медыцынскага эксперыменту змаглі поўнасцю пазбавіць 49-гадовую Стэйсі Эрхальц ад невылечнай множнай міеломы — агрэсіўнага раку, які ўзнікае ў касцявым мозгу чалавека.

Стэйсі Эрхальц. Фота клінікі Мэё. 

Эрхальц хварэла на рак 10 гадоў, калі лекары прапанавалі ёй выпрабаваць эксперыментальны метад лячэння. Працэдура заключалася ва ўвядзенні пацыенту гіганцкай дозы адмыслова мадыфікаванага вірусу адру, падобнага на вірус для прышчэпак.

Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, дозы, уведзенай Эрхальц, хапіла б на прышчэпкі для 10 мільёнаў чалавек.

Пасля ўвядзення вірусу тэмпература Эрхальц паднялася да 40,5 градуса Цэльсія, у яе назіраўся моцны галаўны боль, сутаргі і ваніты. Аднак Эрхальц не захварэла на адзёр і, як высветлілася пазней, поўнасцю вылячылася ад раку — злаякасная пухліна ўжо 9 месяцаў знаходзіцца ў стане поўнай рэмісіі.

Разам з Эрхальц у эксперыменце брала ўдзел яшчэ 5 чалавек, аднак для іх лячэнне выявілася безвыніковым.

У медыцыне апісаныя выпадкі змяншэння ці вылечвання ад злаякасных пухлінаў пасля эпідэмій адру.

Аднак сур'ёзнае вывучэнне ролі вірусу адру ў лячэнні раку пачалося пасля гісторыі 8-гадовага хлопчыка з Уганды, які хварэў на злаякасную лімфому Бёркіта. Хлопчыка рыхтавалі да хіміятэрапіі, калі заўважылі, што ён падчапіў адзёр. Цягам двух тыдняў вялікая пухліна цалкам знікла.

Хоць гісторыя віратэрапіі — лячэнне вірусамі — налічвае не адзін дзясятак гадоў, урачы кажуць, што Стэйсі Эрхальц стала першай пацыенткай, у якой атрымалася вылячыць рак, распаўсюджаны па ўсім целе.

Кірыла Хілько