Imperyja.by: Жыхары Луганшчыны не спяшаюцца дапамагаць сепаратыстам

24.05.2014 / 18:54

Пра гэты «непрыемны сюрпрыз» піша прарасійскі сайт «Империя», распавядаючы пра прыезд у Луганскую вобласць атраду «добраахвотнікаў» з Казані, складзенага з ветэранаў сілавых структураў.

З прапагандысцкім піетэтам атрад называецца «інтэрнацыянальным» (у ім 3 татарыны і 1 чуваш, астатнія расейцы). Апісваюцца зверствы «бандэраўцаў» і імпэт, з якім расійскія камандас «пакінулі хату, пайшлі ваяваць». Аднак, адзначаюць са скрухай аўтары, «мясцовыя жыхары ў масе сваёй не хочуць ваяваць за свабоду Луганскай рэспублікі. Нягледзячы на абвешчанае кіраўніцтвам Луганскай рэспублікі вайсковае становішча, насельніцтва многа крычыць пра неабходнасць незалежнасці ад Кіева і далучэнні да Расіі, але не спяшаецца запісвацца ў шэрагі апалчэння… Луганск практычна неабаронены, у горад лёгка трапіць на аўтамабілях у абыход блокпастоў. Войска Луганскай рэспублікі фактычна прадстаўляе сабой разрозненыя атрады…» — піша «Империя».

СМ