Студэнт-гісторык спрабуе вярнуць у Беларусь артэфакты, незаконна вывезеныя ў Расію

04.06.2014 / 11:08

Гэтая гісторыя пачалася ў верасні 2013 года, калі падчас Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Быхаве, Краязнаўчы музей Мсціслава паказаў даспехі рыцара Вялікага Княства Літоўскага канца XV—пачатку XVI стагоддзя, знойдзеныя на дне ракі Віхры. Тады на гэтыя рарытэты звярнуў увагу мінчанін Андрэй Радкоў.

Зброя «сышла» на Усход

У канцы лета мінулага года аб гэтых унікальных артэфактах актыўна распавядалі беларускія СМІ. І нядзіўна: у нашых музеях вельмі мала аўтэнтычных прадметаў узбраення і экіпіроўкі сярэднявечных ваяроў. Але, як аказалася, летам 2013 года ў Мсціслаўскі музей былі перададзеныя не ўсе прадметы, знойдзеныя на рачным дне. Частка з гэтых унікальных рэчаў ўсё ж была вывезена ў Расію.

«На жаль, зброя літвіна стала здабычай «чорных археолагаў». Неўзабаве пасля выяўлення артэфактаў на адным з расійскіх інтэрнэт-аўкцыёнаў быў выстаўлены меч ваяра ВКЛ», — распавядае Андрэй Радкоў.

Студэнт БДУ заняўся пошукам інфармацыі, якая тычыцца гэтай гісторыі. Аказалася, што кірасы і іншыя часткі рыцарскага рыштунку здалі ў музей мясцовыя «аматары старажытнасцяў». Андрэю ўдалося адшукаць гэтых «краязнаўцаў», і тыя паведамілі, што артэфакты былі знойдзены дайверамі з Расіі.

Месца для сваіх «пошукаў» госці з Усходу выбралі не выпадкова. Справа ў тым, што ў вусці ракі Віхры на працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў пастаянна знаходзяць розныя элементы даспехаў і рыштунку рыцараў эпохі Вялікага Княства Літоўскага.

Няма цела — няма справы?

Разам з латамі і зброяй былі выяўленыя і парэшткі ваяра ВКЛ. «Чорныя капальнікі» проста вытрахнулі косткі з кірасаў і, склаўшы іх у мяшок, закапалі. Неўзабаве Андрэю Радкову стала вядома месца паўторнага пахавання рыцара, і пасля «эксгумацыі» змесціва пакета было перададзена ў Музей гісторыі горада Магілёва. Таксама ўдалося высветліць, што фота мяча (з інтэрнэт-аўкцыёну), вывезенага ў Расію, і іншых даспехаў былі зробленыя адной камерай, і больш за тое: у двары прыватнага дома беларускага «аматара старажытнасцяў», таго самага, які і прынёс частку знаходак у музей Мсціслава.

«Галоўнае, што я хацеў зрабіць, — гэта атрымаць кантакты расейцаў, якія вывезлі беларускія рарытэты за межы нашай краіны. Я не следчы і не пракурор. Ацэнку дзеянням гэтых людзей павінны даваць праваахоўныя органы. Мне ж патрэбныя былі кантакты «чорных археолагаў», каб абмеркаваць магчымасць вяртання мяча, а таксама дзвюх баявых сякер і дзіды ў Беларусь. Бо гэта нашы культурныя каштоўнасці і з'яўляюцца для нас, беларусаў, найважнейшымі помнікамі мінулага», — адзначае Андрэй.

Пасля таго як менскі студэнт звярнуўся ў міліцыю і паведаміў праваахоўнікам пра дадзеную гісторыю, мясцовых «краязнаўцаў» удалося «разгаварыць», і тыя прызналіся, што аказвалі дапамогу «партнёрам» з Расіі. Зрэшты, неўзабаве студэнт Андрэй атрымаў ліст з Мсціслаўскай міліцыі, у якім паведамлялася, што праверка па факце яго звароту нічога не дала і ў сувязі з гэтым спыненая.

Што рабіць?

Наш «Індыяна Джонс» не збіраецца здавацца. Ім пададзена другая заява, ужо ў Магілёўскае абласное ўпраўленне міліцыі. «На жаль, беларускае заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў занадта недасканалае. Шкада, што вось так нейкія людзі могуць прыехаць з суседняй краіны, забраць беларускі помнік і, карыстаючыся тым, што паміж Беларуссю і Расіяй няма мяжы, вывезці рарытэт да сябе.

Усе размовы аб неабходнасці захавання беларускіх археалагічны помнікаў, на жаль, да гэтага часу застаюцца размовамі. Але выйсце з сітуацыі ёсць. Трэба проста ўвесці ліцэнзаванне прыватнай пошукава-археалагічнай дзейнасці. Да таго ж варта было б праводзіць атэстацыю тых, хто хоча займацца археалогіяй.

Вы ж не можаце прыйсці з вуліцы і заняцца хірургіяй. Для гэтага трэба вучыцца 6 гадоў, потым прайсці інтэрнатуру і г.д.. Гісторыя і археалогія — гэта таксама складаныя навукі, у якіх без спецыяльнай падрыхтоўкі рабіць няма чаго. Тут павінны працаваць прафесіяналы. У афіцыйны рэестр унесены далёка не ўсе археалагічныя помнікі Беларусі, таму наша краіна рызыкуе страціць значную частку сваёй культурнай спадчыны. Я вельмі спадзяюся, што неабходная заканадаўчая база ў Беларусі ўсё ж будзе прынята», — падкрэслівае Андрэй Радкоў.

Але ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін нюанс. «Мы звярталіся ў Міністэрства абароны з просьбай дапамагчы пахаваць ваяра ВКЛ з годнымі ўшанаваннямі. У рэшце рэшт, ён жа загінуў у баі за Айчыну. Да таго ж у Беларусі няма ніводнага мемарыяла сярэднявечным ваярам. Але ваенныя чыноўнікі пакуль разводзяць рукамі. Яны не ведаюць, як аформіць парэшткі рыцара часоў Вялікага Княства Літоўскага. Я спадзяюся, што сітуацыя будзе вырашана ў станоўчы бок. у адваротным выпадку будзем хаваць абаронцу Мсціслава за ўласныя сродкі», — кажа мінскі студэнт.

Застаецца спадзявацца, што намаганні Андрэя Радкова не пройдуць бясследна і гэтая гісторыя скончыцца вяртаннем выкрадзеных з Беларусі рарытэтаў эпохі ВКЛ. Да таго ж нашай дзяржаве варта было б сур'ёзна задумацца над прапрацоўкай заканадаўства ў сферы абароны айчынных гісторыка-культурных і археалагічны каштоўнасцяў. Шчыра хацелася б, каб артэфакты беларускай гісторыі заставаліся на Радзіме.

Даведка «Гістарычнай праўды»

З вялікай доляй упэўненасці можна казаць, што знойдзеныя парэшткі належалі рыцару, які загінуў пры абароне Мсціслава ад войскаў Маскоўскай дзяржавы падчас баявых дзеянняў у 1502 годзе. Бітва адбылася 4 лістапада. Маскоўскі князь аб'яднаўся з Крымскім ханствам і выступіў супраць Вялікага Княства Літоўскага. На шляху захопнікаў з Усходу паўсталі мсціслаўскія рыцары.

Бітва была жорсткай і кровапралітнай. Мсціслаў адстаялі, але за гэта заплацілі высокую цану: страты войскаў ВКЛ склалі (паводле летапісных дадзеных) амаль сем тысяч ваяроў.