Беларусь – Сан-Марына – 6:0

Моладзевая зборная Беларусі па футболе сёньня ў Віцебску правяла чарговы матч адборачнага цыклу да чэмпіянату Эўропы‑2009.

16.11.2007 / 21:28

Моладзевая зборная Беларусі па футболе сёньня ў Віцебску правяла чарговы матч адборачнага цыклу да чэмпіянату Эўропы‑2009.

Супернікамі былі аднагодкі з Сан‑Марына. Перад гульнёй каманды знаходзіліся на розных полюсах турнірнай табліцы 8‑й адборачнай групы. Беларусы, маючы 12 пунктаў, лідзіравалі ў ёй, а Сан‑Марына прайграла ўсе чатыры свае матчы. Зборныя ўжо сустракаліся ў пачатку лета на Апэнінах, і беларусы тады аказаліся мацней — 3:0.

Сёньняшні матч цалкам адпавядаў турнірнаму становішчу каманд, ужо на перапынак зборныя сыходзілі пры ліку 4:0 на карысьць нашых хлопцаў. Галы забівалі Дзьмітры Камароўскі (двойчы), Міхаіл Афанасьеў і Леанід Ковель. У другім тайме беларусы супакоіліся і забілі толькі двойчы. Трапныя ўдары на рахунку Аляксея Кучука і Аляксандра Дзегцярова. Фінальны сьвісток эстонскага судзьдзі Каасіка зафіксаваў на лік 6:0.

Турнірная табліца ў нашай групе выглядае наступным чынам: Беларусь — 15 пунктаў, Сэрбія — 10, Вугоршчына — 9 , Латвія — 4, Сан‑Марына — 0.

Нашы хлопцы правялі на адзін матч болей - шэсьць - за супернікаў. Пасьлязаўтра латышы будуць прымаць вугорцаў. З групы ў плэй‑оф выходзяць дзьве першыя каманды.

Каманда Юр’я Курненіна наступны матч правядзе 20 лістапада дома з сэрбамі, а скончыць адборачны цыкл налета 10 верасьня гасьцявой гульнёй з Латвіяй.

Нагадаем, што заўтра адборачны матч да чэмпіянату Эўропы‑2008 у Тыране зь альбанцамі сыграе і нацыянальная зборная Беларусі. Матч ў запісе будзе трансьляваць тэлеканал ОНТ.

Зьміцер Панкавец