Баранавіцкі прадпрымальнік трапіў у бальніцу пасля допыту ў міліцыі

04.07.2014 / 09:52

У Баранавічах 2 ліпеня быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус пасля візіту ў гарвыканкам і сустрэчы з журналістам раённай газеты. Яго адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі, дзе начальнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў маёр міліцыі Аляксей Гецьман пачаў складаць на актывіста адміністрацыйны пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства індывідуальных прадпрымальнікаў 1 ліпеня на гарадскім каапрынку і ў вялікай зале гарвыканкама. Гэты працэс зацягнуўся амаль на 5 гадзін. Падчас складання пратаколу Мікалаю Чарнавусу (ён інвалід II-ой групы) стала кепска, і ён неаднаразова прасіў аб дапамозе, але маёр міліцыі Аляксей Гецьман адмаўляўся выклікаць хуткую дапамогу.

Пасля складання адміністрацыйнага пратакола Мікалай Чарнавус не быў вызвалены, а яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яму стала зусім кепска. У грамадскага актывіста рэзка павялічыўся ціск і здарыўся гіпертанічны крыз. У гэтых умовах супрацоўнікі міліцыі вымушаны былі выклікаць хуткую дапамогу і даставіць Мікалая Чаравуса ў гарадскі шпіталь, дзе ён знаходзіцца пад наглядам 2-х супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах Віктара Сырыцы, які паспеў перагаварыць з Мікалаем Чарнавусам падчас яго пераходу з прыёмнага пакоя ў I-ае хірургічнае аддзяленне, выглядае ён вельмі стомленым і хворым.

Адначасова стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі не пусцілі ў палату да Мікалая Чарнавуса яго сына.