Намеснік міністра сельскай гаспадаркі: У Расіі беларускую бульбу прадаюць як галандскую, а яблыкі — пад выглядам польскіх

24.07.2014 / 13:27

Ілюстрацыйнае фота. anapakurort.info

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 ліпеня заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, паведамляе БелаПАН.

«Ураджай ранняй бульбы ужо паступіў у продаж, але можа цана трошкі кусачая. Але што зробіш — кошты дыктуе рынак.

Ідуць выдаткі, і кошт, як вы бачыце, па 6—10 тыс. за кг», — канстатаваў Уладзімір Гракун.

Паводле яго, сёлета пасеяна 44 тыс. га бульбы, з улікам фермерскіх гаспадарак — 55 тыс. га. «Сумесна з фермерскімі гаспадаркамі, я думаю, 1 млн. 600 тыс. тон атрымаем», — лічыць Гракун.

Што тычыцца яблыкаў, то сёлета «чакаецца нядрэнны ўраджай з 17 тыс. га новых садоў», сказаў намеснік міністра.

Усяго ў Беларусі 104 тыс. га садоў.

Ілюстрацыйнае фота. anapakurort.info

Ён таксама сказаў, што бачыў у расійскім гіпермаркеце беларускую бульбу галандскага гатунку, якая прадавалася як галандская, а беларускія яблыкі — пад выглядам польскіх. «Вы бачылі ў 2013 годзе, які таварны яблык паступаў у продаж. Ён не адрозніваецца ад польскага. Беларускія яблыкі раскупляюцца хутка, цана была канкурэнтная, у 2 разы таннейшая за польскія», — сказаў намеснік міністра.

Прычым, паводле яго, у Беларусі яблыкі не так моцна апрацоўваюцца хімічна, як у Польшчы.

nn.by