У Магілёве мужчына забіў 22-гадовую жонку і спрабаваў пакончыць з сабой

04.08.2014 / 15:01

У Магілёве 2 жніўня мужчына забіў жонку і спрабаваў пакончыць з сабой.

Маці загінулай не магла датэлефанавацца да дачкі і прыехала ў кватэру маладой сям'і, распавяла TUT.BY афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Пераступіўшы парог кватэры, жанчына ўбачыла скрываўлены труп дачкі. Зяць, сцякаючы крывёй, абдымаў цела жонкі і паўтараў, што жыць без яе не зможа. Мужчыну забралі ў бальніцу, дзе ён перанёс аперацыю.

«Мяркуюць, што паміж мужам і жонкай адбылася сварка, падчас якой мужчына схапіў нож і нанёс 22-гадовай жанчыне некалькі ўдараў нажом.

Пасля гэтага ён спрабаваў пакончыць з жыццём: перарэзаў сабе вены, пашкодзіў трахею», — распавяла Аксана Салянюк.

28-гадовы магілёвец знаходзіцца ў шпіталі пад канвоем. У дачыненні да яго заведзена крымінальная справа. Мужчыну падазраюць у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю.