За апошнія шэсць дзён у Мінску выпала месячная норма ападкаў

15.08.2014 / 10:16

Месячная норма ападкаў выпала ў Мінску за апошнія шэсць дзён (з 9 па 14 жніўня), сведчыць праведзены БелаПАН аналіз карт рэсурсу надвор'я meteoinfo.by. 

У абсалютным выражэнні ў сталіцы выпала 81,5 мм ападкаў (81,5 літра вады на квадратны метр тэрыторыі) пры жнівеньскай норме 81 мм. Усяго з пачатку месяца зафіксавана 88,9 ападкаў, ці 109,8% месячнай нормы. Найболей моцныя дажджы прайшлі днём 12 жніўня (46 мм) і ў ноч на 14 жніўня (26 мм). 

У абласных цэнтрах дажджоў было значна менш. У Брэсце за 14 дзён жніўня зарэгістравана 38,6 мм ападкаў (50,8% месячнай нормы), у Гродне — 24,8 мм (33,5%), Віцебску — 23,2 мм (29,7%), Магілёве — 16,4 мм (21,9%), Гомелі — 12 мм (17,9%). Пры гэтым у Магілёве з 21 ліпеня па 8 жніўня не выпала ні кроплі дажджу. У Віцебску з 25 ліпеня па 12 жніўня зафіксавана 2,2 мм ападкаў, у Гомелі з 23 ліпеня па 8 жніўня — 1 мм. 

14 жніўня халодны фронт абумовіў значны роскід дзённых максімумаў: ад 22 градусаў у Гродне да 34,5 — у Гомелі і Васілевічах.