У Мінску абвяргаюць факты рээкспарту праз Беларусь забароненай у РФ прадукцыі

19.08.2014 / 18:44

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі абвяргае факты рээкспарту праз беларускую тэрыторыю забароненай у РФ прадукцыі. 

«Паводле нашых дадзеных, гэтых фактаў не было. Як мы і абяцалі, наша мяжа — на замку. Мы трымаем жорсткі ветэрынарны і фітасанітарны кантроль», — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў. 

Пры гэтым, паводле яго слоў, Мінсельгасхарч запытаў у Рассельгаснагляда афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць факты рээкспарту праз Беларусь забароненай у РФ прадукцыі. 

«Міністр асабіста патэлефанаваў Данкверту, але дагэтуль пацвярджэння няма. Ні пісьмовага, ні вуснага», — падкрэсліў Багданаў. 

Нагадаем, 18 жніўня кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт заявіў, што іх ведамства выявіла спробы рээкспарту праз Беларусь забароненых у Расіі еўрапейскай агародніны і садавіны.