Эштан падзякавала Лукашэнку за праяўленую ініцыятыву

26.08.2014 / 16:45

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан адзначыла важную ролю Беларусі ў правядзенні сустрэчы ў Мінску па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне. На гэтым яна акцэнтавала ўвагу сёння ў час сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. 

Кэтрын Эштан падкрэсліла, што разам з ёй у складзе дэлегацыі ў Мінск прыбылі еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер і еўракамісар па пытаннях гандлю Карэл дэ Гюхт. 

«Перш за ўсё, дзякуй за праяўленую ініцыятыву па правядзенні гэтай сустрэчы, — падкрэсліла Кэтрын Эштан. - Гэта важнае мерапрыемства, каб засяродзіць увагу на падзеях, якія адбываюцца ва Украіне. І вельмі важна, каб кіраўнікі краін рэгіёна маглі ўключыцца ў гэты дыялог». 

«Наша пазіцыя дакладная: мы падтрымліваем выбар Украіны, шлях, па якім ідзе ўкраінскі народ», — падкрэсліла яна, дадаўшы, што для Украіны важна мець добрыя адносіны са сваімі суседзямі і краінамі ЕС. 

Кэтрын Эштан выказала надзею, што сустрэча дапаможа вырашыць выклікі, якія ставіць сітуацыя ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, не чакае ад сустрэчы ў Мінску каласальнага прарыву ў пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны, але спадзяецца, што мінская сустрэча дасць магчымасць канцэптуальна вызначыцца, каб пачаць рух да міру ва Украіне.

«Нам цяжка ставіць якія-небудзь грандыёзныя мэты, якіх мы павінны дасягнуць тут у Мінску, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Хутчэй за ўсё, каласальнага прарыву цяжка чакаць, але канцэптуальна мы павінны вызначыцца, каб хаця б пачаць рух да міру. Ніхто з кіраўнікоў дзяржаў, вы не будзеце супраць таго, каб пачаты сёння дыялог быў прадоўжаны да поўнага ўрэгулявання сітуацыі».

Ён падкрэсліў, што «трэба гэты канфлікт, які сёння разгарнуўся ў цэнтры Еўропы, любымі спосабамі прытушыць». Аляксандр Лукашэнка сказаў, што толькі што сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, яшчэ раней гэта тэма абмяркоўвалася з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. «Ва ўсіх ёсць жаданне гэта скончыць, нікому не патрэбна гэта братазабойчая вайна. Патрэбны мір. Не будзе міру — не будзе і эканомікі. Не будзе потым размовы паміж Украінай і Еўрасаюзам, Мытным саюзам аб урэгуляванні нейкіх эканамічных праблем. Патрэбны мір. Гэта самае галоўнае», — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама запэўніў: «Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб выканаць усе дасягнутыя тут дамоўленасці і каб стварыць у Мінску пляцоўку для перагаворнага працэсу». Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова сыграць сваю ролю, каб рушыць наперад у пытанні ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.