Фрэйзэр: Хэнлан — беларус у душы

Галоўны трэнэр нацыянальнай хакейнай зборнай Курт Фрэйзэр расказаў аб намеры фэдэрацыi хакею вярнуць у зборную канадца Глена Хэнлана

05.12.2007 / 10:44


Курт Фрэйзэр

Глен Хэнлан

Галоўны трэнер нацыянальнай хакейнай зборнай Курт Фрэйзер адправіўся ў Кiеў, каб паглядзець на гульню перспектыўнага нападаючага Мiхаiла Стэфановiча, якi ў складзе маладзёжнай каманды нашай краiны возьме ўдзел у таварыскiх матчах з украiнцамi. Напярэдаднi свайго ад’езду амерыканец сустрэўся з журналiстамi, каб паведамiць некалькi навiн.

Спачатку сп. Фрэйзер расказаў аб намеры федэрацыi хакея вярнуць у зборную канадца Глена Хэнлана i супакоiў тых, хто хвалюецца, што экс‑трэнер каманды НХЛ «Вашынгтон Кэпiталз» згодзiцца на прапанову ўзначалiць хакейную зборную Латвii.

— Глен вельмi любiць Беларусь, таму, мяркую, ён аддасць перавагу ёй, а не Латвii, — заявiў трэнер. — Акрамя таго, ён сам — беларус у душы. Хэнлан можа прынесцi нашым iгракам вялiкую карысць, — лiчыць Фрэйзер. — Я бачу яго асiстэнтам цi трэнерам‑кансультантам зборнай Беларусi. Дапамагчы Глен можа i ў падрыхтоўцы галкiпераў, бо ў мiнулым сам быў адным з лепшых варатароў НХЛ. Перамовы з Гленам я пачну весцi пасля Калядаў. Дарэчы, я ўжо набыў для сваiх сыноў у якасцi падарункаў на Каляды… майкi беларускiх хакейных клубаў.

«Звязда»