Гендырэктара «Барысаўдрэва» прывезлі ў суд з сінякамі пад вачыма

дапоўнена

23.09.2014 / 11:32

фота Радыё Свабода

У Мінскім абласным судзе пачаўся працэс над былым гендырэктарам кампаніі «Барысаўдрэў» Уладзімірам Мальцавым. Выглядаў ён жудасна: пад вачыма выразныя сінякі.

Мальцава абвінавачваюць паводле 424 артыкула Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з нанясеннем асабліва вялікай шкоды.

Паводле следства, гэтая шкода склала каля 18 мільярдаў рублёў (1,8 млн даляраў).

Судзіць Мальцава суддзя Валянцін Вердыш, абараняе адвакат Зміцер Гарачка.

«З'яўляючыся гендырэктарам, дзейнічаючы насуперак інтарэсам службы і праз асабістую зацікаўленасць, здзейсніў шэраг злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі.

Так, пры выбары пастаўшчыка абсталявання Уладзімір Мальцаў не адхіліў прапанову турэцкай кампаніі «Персей», абсталяванне якой не адказвала ўсім неабходным патрабаванням», — цытуе БелТА дзяржаўнага абвінаваўцу.

Крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – дальнія адгалоскі разносу, які ўчыніў Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы «Барысаўдрэў» 7 лістапада 2013 года. Тады ён адхіліўся ад прапанаванага маршрута і ўбачыў на прадпрыемстве непрыбраную тэрыторыю.

Ад пасадаў былі адхіленыя губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур, а таксама кіраўнік «Беллеспаперпрама» Аляксандр Пераяслаўцаў.

Работнікі завода і простыя гараджане адзінагалосна падтрымлівалі маладога дырэктара, але ў выніку менавіта ён можа стаць крайнім.

Мальцаў знаходзіцца пад вартай з 13 сакавіка. Падчас следства быў накладзены арышт на яго маёмасць. Агулам налічылі менш чым $40 тысяч, гэта цана невялікай кватэры ў Барысаве і аўтамабіля.

У чым вінавацяць былога дырэктара? «Пры выбары пастаўшчыка абсталявання Мальцаў не адхіліў прапанову турэцкай кампаніі «Персей», абсталяванне якой не адказвала неабходным патрабаванням. Пры гэты ён, — разумеючы страты, якія наносяцца прадпрыемству, — не разгледзеў іншых удзельнікаў конкурса. Калі турэцкая кампанія пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, Мальцаў не зрабіў крокаў у адказ. А пасля заключыў з кампаніяй дамову на мантаж абсталявання, хоць тая не мела дазволу на гэты від працаў», — заявіў дзяржаўны абвінаваўца.

Мальцаў не прызнаў сваю віну, патлумачыў, што ў яго дзеяннях не было асабістай зацікаўленасці.

Пра сітуацыю з туркамі Мальцаў расказваў яшчэ год таму ў эфіры АНТ. Па ягоных словах, туркі былі адзінымі ахвотнымі падрадчыкамі.

За злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі Уладзіміру Мальцаву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці.

На пытанне, ці згодны Мальцаў з відэаздымкай падчас працэсу (пра гэта прасілі дзяржаўныя тэлеканалы), ён адказаў, што ў прынцыпе не супраць, але мяркуе, што яны будуць скажаць факты і такім чыніць ціск на суддзю». У выніку здымкі падчас працэсу забаранілі.

Мальцаў не прызнаў сябе вінаватым. Суд пастанавіў пачынаць судовае следства з допыту сведак і перанёс пасяджэнне на заўтра.

Адвакат Зміцер Гарачка не стаў тлумачыць фізічны стан свайго падабароннага, спаслаўшыся на прафесійную этыку. А сам Мальцаў асобна не прасіў яго расказаць грамадскасці аб прычынах свайго выгляду.