Пасьля мітынгу прадпрымальнікаў затрымалі ня менш за 6 чалавек

Міліцыянты затрымалі некалькі ўдзельнікаў прадпрымальніцкай акцыі. Сярод іх заяўнік акцыі ‑‑ Віктар Гарбачоў, а таксама Віктар Крываль, Крысьціна Шацікава ды Віктар Калей. Быў зьбіты Анатоль Лябедзька.

10.12.2007 / 16:08

Міліцыянты затрымалі некалькі ўдзельнікаў прадпрымальніцкай акцыі. Сярод іх заяўнік акцыі ‑‑ Віктар Гарбачоў, а таксама Віктар Крываль, Крысьціна Шацікава ды Віктар Калей. Затрыманыя знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС, паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі Аляксандар Таўстыка. На плошчы Незалежнасьці быў зьбіты лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Сп. Лябедзька распавёў акалічнасьці сутычкі. Ён быў сьведкам затрыманьня прадпрымальнікаў, Віктара Калея і Крысьціны Шацікавай. Калі людзі пачалі бараніць сваіх, міліцыянты ўжылі сілу. Старшыні АГП у выніку разьбілі твар. Па зьвестках прадпрымальнікаў, затрыманых адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе цяпер знаходзяцца таксама затрыманыя раней Віктар Івашкевіч, Барыс Гарэцкі і яшчэ адзін малады чалавек. Супрацоўнікі РУУС кажуць прадпрымальнікам, што затрыманых да іх не прывозілі. Туды ўсё адно падцягваюцца ўдзельнікі акцыі.

СП