Reuters: Прызнанне Швецыяй Палесціны можа змяніць баланс сіл у сусветнай палітыцы
07.10.2014 / 21:50
Рашэнне Швецыі прызнаць Палесціну без папярэдняга ўзгаднення са сваімі саюзнікамі можа стаць прадвеснікам змены парадыгмы ў сусветнай палітыцы.
Як піша Reuters, сацыял-дэмакраты, што кіруюць у Швецыі, абвясцілі аб сваім намеры прызнаць урад Палесціны яшчэ ў межах сваёй выбарчай праграмы. Аднак тое, з якой хуткасцю шведскі ўрад зрабіў падобную заяву на афіцыйным узроўні, стала нечаканасцю для шэрагу краін, уключаючы Ізраіль.
Да нядаўніх часоў Швецыя, што знаходзілася пад уладай правацэнтрысцкіх сіл, была прыязнай ЗША і актыўна прымала ўдзел у ваенных аперацыях заходніх саюзнікаў.
«Мы спадзяемся, што гэта (прызнанне Швецыяй Палесціны) дасць новы віток дыскусіі датычна сітуацыі на Сярэднім Усходзе», — пракаментавала сітуацыю міністр замежных спраў Швецыі Маргат Вальстром.
Яна таксама заявіла, што Швецыя будзе імкнуцца да таго, каб заняць новую ролю ў сусветнай палітыцы, і ў меншай ступені арыентавацца на супрацоўніцтва з НАТА. Па словах Вальстром, сярод прыярытэтаў новага шведскага ўрада — імкненне да раззбраення і абарона правоў жанчын.
Нагадаем, улады Швецыі абвясцілі пра намер прызнаць Палесціну 3 кастрычніка.