Дзякуючы пераносу працоўных дзён, зімовыя канікулы пачнуцца раней запланаванага

22.10.2014 / 13:25

«Даведаўся, што ў гэтым навучальным годзе зімовыя канікулы ў школе пачынаюцца аж з 28 снежня і працягваюцца да 11 студзеня. Гэта значыць, што дзеці-каталікі будуць павінны ісці ў школу на Вігілію і Божае Нараджэнне, у адрозненне ад праваслаўных. Чаму такая дыскрымінацыя?» — такое пытанне даслаў наш чытач Алесь Каспяровіч.

У Міністэрстве адукацыі пацвердзілі, што канікулы і сапраўды пачынаюцца 28 снежня. Аднак вучыцца на каталіцкае Нараджэнне Хрыстова дзеці ўсё ж не будуць.

«Згодна з дзяржаўным календаром выходных і святочных дзён, фактычна канікулы ў школе пачнуцца ўжо з 25 снежня, — паведаміла «Нашай Ніве» Марыя Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінадукацыі Беларусі. – Бо каталіцкае Раство – гэта афіцыйна непрацоўны дзень, а за 26 снежня людзі адпрацуюць, ці, у выпадку школы, адвучацца, раней, 20-га».

Такім чынам, хвалявацца бацькам-каталікам і іх дзеткам няма чаго. Праводзіць свята на працы ці ў школе ім не прыйдзецца.

Уладзіслаў Швядовіч