Людзі з аўтаматамі ў спальнях — гісторыя эстонскага кайтселійту, добраахвотнага войска тэрытарыяльнай абароны

Распавядае падпалкоўнік Ційт Тамела.

29.10.2014 / 14:51

Эстонскі кайтселійт — гэта як Нацыянальная гвардыя ЗША? Не. Гэта як беларускія партызаны ў 43-м…

Роўна тры гады таму мэр беларускай сталіцы ўказам прэзідэнта з падпалкоўніка запасу раптоўна быў павышаны да звання генерал-маёра, бо з таго дня ў адпаведнасці з новай ваеннай канцэпцыяй стаў «галавой адказваць за тэрытарыяльную абарону». Як і шэсць «губернатараў» (яны таксама ўдастоіліся генеральскіх пагонаў) — за абарону сваіх абласцей.

Пытаюся ў эстонскага падпалкоўніка Ційта Тамела, ці магчыма такое павышэнне для кіраўнікоў рэгіёнаў яго краіны?

— Высокі паспяховы чыноўнік, як правіла, далёкі ад ваенных тонкасцяў. Так, паважаныя ў сваіх гарадах і паветах людзі дарэчныя ў штабах тэрытарыяльнай абароны, але ніяк не іх кіраўнікамі: вайсковыя зоркі за поспехі на грамадзянскай ніве — звычайная прафанацыя…

Суразмоўца мой, што называецца, у курсе тэмы: служыў у Савецкай Арміі, за Афганістан узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яшчэ адзін ордэн — амерыканскі: Ційт Тамела быў ваенна-марскім аташэ сваёй краіны ў ЗША; некалькі гадоў працаваў дарадцам камандуючага кайтселійт (фактычна гэта сфармаваныя на добраахвотнай аснове войскі тэрытарыяльнай абароны), сам кіраваў імі ў адным з найбуйнейшых рэгіёнаў Эстоніі — Пярну…

— Кайтселійт пасля атрымання незалежнасці мы не прыдумалі — рэанімавалі з часоў «буржуазнай Эстоніі». 15 дружын ва ўсіх 15 паветах, — распавядае Ційт.

— Ініцыятыва Міністэрства абароны?

— Не, выключна нізавая. Спачатку дзяржава і армія наогул самаўхіліліся ад працэсу.

— Людзі баяліся Расіі і вырашылі абзавесціся зброяй?

— Гэты фактар нават не другасны… На першым месцы жаданне адчуць сябе эстонцамі — такімі ж мужчынамі, як нашы дзяды. А яны былі на ты са зброяй, ведалі сабе цану… Разумееце, тут ледзь улоўны на інтуітыўным узроўні момант, калі былыя савецкія людзі адчулі: праз службу ў кайтселійце хутчэй стануць грамадзянамі незалежнай дзяржавы.

Гэта не проста высокія словы: вы з сябрамі скінуліся на форму, бензін, у вас аўтаматы Калашнікава румынскай альбо кітайскай вытворчасці, рэгулярна збіраецеся, бразгаеце зброяй, лунае добры такі дух у стылі мілітары… Файна! Гэта — сапраўдны, жывы патрыятызм, які і патрэбен сапраўдным мужчынам.

— Што ж тады чыноўнікі і генералы цураліся вас?

— Савецкая спадчыннасць: пабойваліся самаарганізаваных у ваенным плане людзей! Але паступова дэпутаты прынялі разумныя інструкцыі і законы, а ваенныя дапетрылі, што падобныя фарміраванні выдатна ўскладняюць жыццё любому, нават вельмі моцнаму суперніку. Вось глядзіце, чыясьці разведка ведае: тут, пад Пярну, месціцца вось столькі казармаў, у кожнай з якіх па 110—130 чалавек. А вось колькі людзей у павеце захоўваюць дома аўтаматы? І як іх улічыць? Колькі «ветлівых людзей» трэба выставіць супраць іх? Вялізнае пытанне…

— Кайтселійт па-ранейшаму з АК у руках?

— Э-э, не, пасля таго як грамадства прызнала яго, дзяржава дапамагла з пераўзбраеннем — перайшлі на шведскія аўтаматы… Дарэчы, у свядомасці ўлады таксама сур'ёзныя палітычныя змены: яна не ў тэорыі, а на практыцы стала дэмакратычнай. Не дэмакратычная ўлада ніколі не пацерпіць у сябе пад бокам вольнага чалавека са стрэльбай… А ў нас такіх — тысячы. Дакладная прымета цывілізаванага грамадства.

— Дарэчы, як зброя захоўваецца? Так, вы развіваецеся, але ж ёсць і крымінальны асяродак, наркаманы, проста неадэкватныя людзі…

— Шматпавярхоўкі, спальні — не лепшае месца для боекамплектаў. Тым больш, многія рэгулярна з'язджаюць на заробкі ў Фінляндыю, кватэры пустуюць… Увогуле, тут кожны мае права выбару: альбо рызыкнуць і захоўваць сваю зброю дома ў спецыяльнай жалезнай скрыні, альбо здаць у сховішча арганізацыі і браць яе тады, калі палічыць патрэбным. Але вось машыны кайтселійта спрэс у дварах кіроўцаў — каб пры выпадку забяспечыць максімальную аператыўнасць збору. Дарэчы, скарыстацца тэхнікай у асабістых мэтах не ўдасца ні пры якіх абставінах, — багата, бо на аўто чорныя нумары, іх заўважаць і паведамяць куды і каму трэба…

— Форма ў вас ёсць?

— Спачатку была толькі спецыяльная павязка, а цяпер — звычайнае вайсковае абмундзіраванне, толькі з іадрознымі ад вайсковых знакамі адрознення. Раней усё самі куплялі, зараз забеспячэнне цэнтралізаванае.

— Камандзіраў выбіраеце?

— Не, яны прызначаюцца. У нас дакладная сістэма падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў. Спецыяльныя курсы на базе арміі. А сяржантаў рыхтуе сам кайтселійт. Асобна вучаць тых, хто адслужыў, свая праграма для тых, хто не служыў.

Растлумачу: з эстонскай арміі да нас прыйшлі сотні і сотні тых, хто пабываў у тым жа Афганістане. У адрозненне ад мяне, хлопцы спасціглі і навучыліся куды большаму…

Займаемся па суботах і нядзелях. Дарэчы, разнастайныя зборы — таксама ў выходныя. Вясковыя — зімой, астатнія ў асноўным вясной-летам. На сваіх аўто хлопцы дабіраюцца да месца збору, а далей іх вязуць у лясы, дзе разбітыя намётавыя лагеры. Паўсуботы, паўначы і паўнядзелі — стральба, тэорыя, маршы і ўсё такое, а гадзін у пяць нядзелі — па дамах.

— Ля начнога вогнішча выпіваюць?

— Выключана: са зброяй не жартуюць. Хоць ведаеце самі: у сям'і не без вырадка… Аднак пакаранне самае суровае. Да такіх адносіцца і выключэнне з кайтселійта. Яно пужае наступствамі: уладкоўваецеся на працу, а там радок-напамін, кадравік разбярэцца, што да чаго… Ва ўмовах 10-працэнтнага беспрацоўя варыянт не з лепшых, пагадзіцеся. Прасцей сабрацца пасля збору і адзначыць добрай вечарынкай у найбліжэйшай кавярні.

— Марнаваць свой час, грошы, баяцца за рэпутацыю, пацець на марш-кідках… Чым гэта кампенсуецца?

— Кайфам. Дымам вогнішча, вакол якога свае. Свежым лясным паветрам. Адпачынкам ад жонак. Адвільваннем ад сумнага абавязку выносіць смецце… Я тут і іранізую, і праўду кажу. Гэта моцная рэч — адчуванне надзейнага пляча суседа і сваёй сілы. Тысячы мужыкоў па 20 гадоў на такіх вось зборах, мы сталі больш дружнымі і брацкімі, ва ўзводы і роты ўжо дзеці нашы сталі прыходзіць. Дарэчы, тут яшчэ адзін моцны момант: кайтселійт наладжвае асаблівыя адносіны бацькоў з сынамі… Увогуле, унікальная, прыцягальная псіхалогія мужчынскага братэрства, патрыятызму, грамадзянскасці.

— Яна па душы толькі звычайным людзям?

— Чаму? Паважаюць, таму і «вялікія» прыходзяць. Ведаю асабіста чацвярых мільянераў, якія ўжо перакормленыя гольфам, яхтамі і ўсім такім, а часу стала хапаць, паколькі справа наладжаная. Што да чыноўнікаў — ім проста выгадна быць сярод нас дзеля кар'еры: добры радок у біяграфіі.

— І колькі можа працягвацца гэтае добраахвотнае служэнне?

— У нас тры групы цяжкасці, кожнаму знойдзецца справа па сілах. Таму хоць да смерці…

— І як такога чалавека праводзяць у апошні шлях?

— Калі ён афіцэр, то, пачынаючы з камандзіра ўзвода — з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пагадзіцеся: таксама добры мужчынскі стымул…

— Паклаўшы руку на сэрца: узвод армейскіх «старых» і ўзвод кайтселійтаўцаў, якія разам ужо гадоў дзесяць — чыя возьме? Каму б аддалі перавагу вы, кадравы баявы афіцэр-афганец?

— Кайтселійтаўцам. У іх лепшая вывучка — трэніруюцца, падтрымліваюць форму гадамі. Ну і з матывацыяй больш пераканаўча, бо спрэс сталыя мужчыны. Увогуле, яны гатовыя абараняць радзіму.

… Так, да пытання аб сямі нашых свежых генералах: нават праз тры гады я асабіста не ў курсе поспехаў беларускай тэрытарыяльнай абароны пад іх кіраўніцтвам. Не чуў нічога новага, яркага.

Аднак, калі меркаваць па эстонскай рэформе, кірунак беларусы выбралі дакладны. Ёрнічаць тут не даводзіцца. Рэалізаваць бы задуманае…