Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнне Беларуссю правоў Алеся Бяляцкага

17.11.2014 / 16:58

Так, 24 кастрычніка Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што дзяржава Беларусь парушыла яго правы, гарантаваныя артыкуламі 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), 14 (права на справядлівы судовы разгляд) і 22 (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. 

Гэта рашэнне, якое было прынята па індывідуальным паведамленні жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук, з'яўляецца, як адзначаюць у праваабарончай арганізацыі, «важным пасланнем усім рэжымам, якія маніпулююць заканадаўствам для таго, каб заглушыць пратэставыя галасы, парушаючы тым самым свабоду асацыяцый». 

Праваабарончая арганізацыя «Вясна», якой кіраваў Алесь Бяляцкі, была ў 2003 пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі. Пасля гэтага яе заснавальнікі тройчы (ў 2007 і 2009 гадах) звярталіся ў Мінюст па рэгістрацыю, але атрымлівалі адмовы. Паводле высноў Камітэта, парушэннем свабоды асацыяцыі з'яўляюцца адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», прынятыя толькі на падставе таго, што ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах былі нязначныя неадпаведнасці патрабаванням Міністэрства юстыцыі, якія маглі быць выпраўленыя пры даванні міністэрствам такой магчымасці заснавальнікам. 

Адмовы ў рэгістрацыі, лічаць у Камітэце, прывялі да забароны дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і перашкодзілі рэалізацыі яе членамі сваіх правоў. Прысуд Алеся Бяляцкага да працяглага тэрміну пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне дзейнасці ўзначаленай ім арганізацыі, быў прамым вынікам парушэння свабоды асацыяцыі, гаворыцца ў заключэнні Камітэта. Пры разглядзе справы беларускія суды абверглі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на ўказаныя мэты, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцыі. У гэтых умовах прыцягненне Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права. 

«Такое рашэнне Камітэта па правах чалавека на аснове міжнароднага права прызнае легітымнасць дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна» і поўнасцю рэабілітуе яго кіраўніка Алеся Бяляцкага»,

— заявіў намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч. 

Камітэт па правах чалавека таксама заключыў, што ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі рашэнне пра арышт прымаў пракурор, а не суд і засноўвалася толькі на цяжкасці выстаўленага абвінавачвання, а не на фактах, якія сведчаць пра неабходнасць і мэтазгоднасць гэтай меры. 

Камітэт прызнаў, што падчас крымінальнага пераследу Алеся Бяляцкага была парушана прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях прэзідэнта, якія да правамоцнасці прыгавору суда сцвярджалі віну Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках.

У рашэнні Камітэта па правах чалавека ўказана, што Бяляцкі мае права на належныя сродкі прававой абароны, а менавіта: перагляд заявы «Вясны» аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зняцце судзімасці, адэкватную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё выплат, праведзеных па судовых рашэннях. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё ўнутранае заканадаўства аб асацыяцыях.