КДБ Беларусі закупляе больш за 16 тысяч пасведчанняў для супрацоўнікаў

Адпаведная заяўка была зарэгістраваная КДБ на партале дзяржзакупак 27 лістапада. На друк 16500 пасведчанняў выдзелены 461 мільён бюджэтных рублёў.

01.12.2014 / 01:01

Непасрэдна цэнтральнаму апарату КДБ патрабуюцца 5000 бланкаў, шасці рэгіянальным упраўленням — па 1500 штук кожнаму.

Патрабаванні да пасведчанняў такія: «Бланк пасведчання супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь: памер вокладкі пасведчання 195х65мм; скура чырвонага колеру з сімволікай (герб)».

Акрамя цэнтральнага апарата КДБ і яго абласных упраўленняў, пасведчанні атрымае і вайсковая контрвыведка. Для контрразведчыкаў замоўлена 1500 пасведчанняў.

Яшчэ 1000 бланкаў пасведчанняў заказваюць для Інстытута нацбяспекі — вышэйшай навучальнай установы КДБ.

У гэтай ВНУ наўрад ці можа быць аж такая колькасць супрацоўнікаў. Відаць, што «корачак» друкуюць з запасам.