У Ненецкай акрузе РФ ўпаў верталёт Мі-8: двое загінулых

дапоўнена

07.12.2014 / 17:41

У Ненецкай аўтаномнай акрузе (НАА) на поўначы Расіі ўпаў верталёт Мі-8.

Фота ТАСС.

«У 13:28 ад дыспетчара аэрапорта ў Нар'ян-Марэ паступіла паведамленне пра падзенне верталёта пры ўзлёце паблізу нафтавага радовішча імя Трэбса на адлегласці 240 км ад Нар'ян-Мара»,— паведамілі ў рэгіянальным цэнтры МНС РФ.

«Паводле ўдакладненых дадзеных, на борце верталёта знаходзіліся сем чалавек (раней паведамлялася пра шасцярых) — тры члены экіпажа і чатыры пасажыра. У выніку здарэння загінулі бортправаднік і адзін з пасажыраў», — паведамілі «Інтэрфаксу» ў рэгіянальным Упраўленні МУС.

«На месца падзення прыбылі 2 ўсюдыходы, пацярпелыя будуць дастаўленыя на верталётную пляцоўку радовішча імя Трэбса-Цітова НАА, адкуль верталётам Мі-8 будуць дастаўленыя ў горад Нар'ян-Мар», — сказалі ў МНС.

«Стан пяці пацярпелых у авіякатастрофе ацэньваецца, як цяжкі, —

заявіў намеснік галоўнага ўрача Ненецкай акруговай бальніцы Сяргей Гмызін. — Людзі, якія знаходзіліся на борце верталёта атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы грудной клеткі і канечнасцяў».

Паводле папярэдніх дадзеных, верталёт належаў авіякампаніі «Другі архангельскі авіяатрад».

nn.by