Мінсувязі мае блакаваць сродкі ананімнасці ў інтэрнэце: ананімайзеры, проксі, Tor

Блакавацца будуць не толькі забароненыя сайты, але і ананімайзеры і сеткі кшталту Tor, што дазваляюць атрымаць доступ да забароненых сайтаў.

25.02.2015 / 13:17

Фота: wired.com

Згодна з пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра ад 19 лютага, Дзяржінспекцыя па электрасувязі Мінсувязі будзе блакаваць доступ да проксі-сервераў і ананімных сетак накшталт Tor. Пастанова набыла сілу з дня публікацыі.

Пастанова зацвердзіла парадак абмежавання доступу да рэсурсаў:

Фармаваць «чорны спіс» будзе Дзяржінспекцыя па электрасувязі паводле вырашэнняў Мінінфармацыі.

Доступ да спісу забароненых сайтаў будуць мець толькі дзяржорганы і пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг.

Прапанаваць унесці сайт у чорны спіс цяпер могуць не толькі дзяржорганы, але і любы грамадзянін.

Доступ да сайта, што трапіў у «чорны спіс», будзе абмежаваны цягам 24 гадзін. Правайдары абавязаныя вызначыць адказных за выкарыстанне сродкаў блакавання і аналізаваць «чорны спіс» раз на дзень.

Пры выяўленні сродкаў доступу да рэсурсаў з «чорнага спісу» Дзяржінспекцыя дадае ў «чорны спіс» ідэнтыфікатары і гэтых сродкаў таксама.

Пастанова адпавядае курсу, прынятаму заканатворцамі: у 2014 годзе быў падпісаны антынаркатычны дэкрэт, што дазваляў блакаваць у інтэрнэце рэсурсы забароненай тэматыкі, а таксама закон пра СМІ, які вызначыў парадак блакавання СМІ і прыраўняў да СМІ любы інтэрнэт-сайт.

Згодна з новай пастановай, у Беларусі могуць быць заблакаваныя не толькі ананімайзеры і Tor, але і браўзеры кшталту Opera і «Яндэкс.Браўзер», што дазваляюць у рэжыме сціскання трафіку трапіць на фактычна любы рэсурс. Тэхнічна, для Беларусі могуць быць створаныя асобныя версіі гэтых браўзераў без «забароненых» функцый.

Механізм блакавання Tor не вызначаны: тэхнічна заблакаваць кожны вузел «цыбулевага роўтэру» магчыма, але ўсю сетку на ўзроўні правайдара — складана.

Аляксандр Арсёнаў