Вячорка: Будзем прасіць Жалезьнічэнку спыніць галадоўку

Тым часам кіраўніцтва Партыі БНФ накіравала ліст міністру абароны Леаніду Мальцаву адносна сытуацыі з навабранцам Зьмітром Жалезьнічэнкам, якога выключылі з унівэрсытэту, а пасьля прызвалі служыць у войска. Зьміцер ад 25 студзеня трымае галадоўку пратэсту, у панядзелак яго перавялі ў вайсковы клінічны цэнтар у Менску.

29.01.2008 / 12:55


Вінцук Вячорка

Кіраўніцтва Партыі БНФ накіравала адкрыты ліст да міністра абароны Леаніда Мальцава адносна сытуацыі з навабранцам Зьмітром Жалезьнічэнкам, якога выключылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а пасьля прызвалі служыць у войска. Зьміцер ад 25 студзеня трымае галадоўку пратэсту. У панядзелак 28 студзеня яго перавялі ў вайсковы клінічны цэнтар у Менску. Хлопец цяпер знаходзіцца ў аддзяленьні кардыялёгіі. Жалезьнічэнка зьяўляецца сябрам Партыі БНФ.

«Як ня дзіўна, але на гэты раз суд аказаўся больш справядлівы, чым органы адукацыі. Суд аднавіў Жалезьнічэнку ў якасьці студэнта. Гэта азначае, што хлопец быў студэнтам увесь гэты час і папярэдні загад рэктара ня меў ніякай юрыдычнай сілы. Адпаведна, любыя захады ў дачыненьні да Жалезьнічэнкі, як не студэнта, таксама ня маюць ніякай прававой сілы. У тым ліку, распараджэньне аб прызыве на тэрміновую службу. Што да спадара рэктара Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, то я хачу нагадаць, што ягонае ВНУ мае партнэрскія сувязі з францускім унівэрсытэтам Клермон-Фэран. Гэтыя партнэрскія сувязі праяўляюцца сумесных стажыроўках, выездах выкладчыкаў адзін да аднаго. Як высьветліў нядаўна ў Брусэлі Аляксей Янукевіч, усе гэтыя праграмы фінансуюцца Эўрасаюзам, праграмай “Эразмус”. Мы цяпер рыхтуем ліст да кіраўніцтва “Эразмусу” пра магчымы перагляд стасункаў з Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэтам. Нельга гаварыць пра прыналежнасьць да эўрапейскай унівэрсытэцкай супольнасьці людзей, якія душаць вальнадумства. Міністар абароны сп.Мальцаў, як у цэлым беларуская армія, карыстаецца нашай пашанай. Мы лічым войска адным з падмуркаў беларускага дзяржаўнага ўтварэньня. У цэлым, беларускае войска не запляміла сябе ў рэпрэсіўных захадах, у перасьледзе іншадумцаў, у адрозьненьні ад іншых сілавых структур. Мы б вельмі не хацелі, каб у выпадку са Зьмітром Жалезьнічэнкам беларускае войска стала саўдзельнікам гэтай рэпрэсіўнай машыны. Мы будзем прасіць Зьмітра спыніць галадоўку, ён ужо засьведчыў сваю мужнасьць, таму ставіць пад пагрозу сваю здароўе ня варта», – кажа намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Зьміцер Панкавец