Тры чалавекі загінулі ў ДТЗ ля беларуска-ўкраінскай мяжы ФОТА

Тры чалавекі загінулі ў ДТЗ паблізу вёскі Камароўка ў Брэсцкім раёне.

29.03.2015 / 17:40

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 29 сакавіка ў 8.06 у міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што ў кювеце паблізу вёскі Камароўка ляжыць перакулены легкавы аўтамабіль.

Устаноўлена, што на 24-м кіламетры пад'езда да мяжы Украіны (Тамашоўка) ад аўтадарогі Брэст—Дамачава «Аўдзі 100» ехала ў кірунку Украіны, з'ехала з праезнай часткі налева і апынулася ў канале, які злучае сажалкі. Мужчыны 1977 і 1985 гадоў нараджэння, а таксама жанчына 1987 года нараджэння, якія знаходзіліся ў аўтамабілі, ад атрыманых траўмаў загінулі на месцы. Усе яны жыхары Брэсцкага раёна. Даставаць іх целы з машыны прыйшлося работнікам МНС.

Распачата справа па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб). Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Па версіі следства, вадзіцель не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі, якое пазначана дарожным знакам «Небяспечны паварот направа».