Польскі аналяг «Аднаклясьнікаў» бясьпечнейшы

Пра гэта заявілі ў Генэральнай інспэкцыі аховы асабістых зьвестак.

04.02.2008 / 18:42

Партал «Наша кляса» выконвае ўсе патрабаваньні па ахове асабістых зьвестак, а яго функцыі бясьпекі на высокім узроўні. Пра гэта заявілі ў Генэральнай інспэкцыі аховы асабістых зьвестак.

Партал «Наша кляса» — гэта польская вэрсія папулярнага ў Беларусі інтэрнэт‑сайту «Аднаклясьнікі». Генэральны інспэктар па ахове зьвестак некаторы час таму выказаў занепакоеннасьць, ці зьмешчаная на сайце інфармацыя дастаткова бясьпечная. «Наша кляса» — гэта другі па памерам інтэрнэт‑партал, на якім зьмешчана такая колькасьць інфармацыі пра індывідуальных людзей.

Генэральны інспэктар аховы зьвестак Міхал Сежыцкі зазначае, што інтэрнэт не зьяўляецца бясьпечным месцам. Падчас зьмяшчэньня ў ім сваіх асабістых дадзеных, трэба памятаць, што яны могуць быць выкарыстаныя непажаданымі асобамі ў незаконных мэтах.

Польскае радыё для замежжа