Смерч, які пранёсся над поўначчу Германіі, разбурыў гарадок Бютцаў ФОТАФАКТ

Бура, якая пранеслася над паўночнымі раёнамі ФРГ, практычна разбурыла невялікі гарадок Бютцаў пад Ростакам. Ад смерчу пацярпелі больш за 30 чалавек.

06.05.2015 / 12:46

Ураганныя вятры, якія пранесліся над паўночнымі раёнамі ФРГ увечары 5 мая, выклікалі сур'ёзныя разбурэнні. Асабліва моцна пацярпеў гарадок Бютцаў пад Ростакам у федэральнай зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

Тут пранёсся смерч, у выніку якога пацярпелі больш за 30 чалавек, адзін з іх — шпіталізаваны, паведаміў у сераду, 6 мая, прадстаўнік мясцовых уладаў, піша dw.de

Паводле яго слоў, вецер сарваў дахі з вялікай колькасці дамоў і пашкодзіў аўтамабілі.

У адной з бальніц пашкоджаны дах, у выніку чаго пацыентаў прыйшлося эвакуяваць у іншае памяшканне. Масавай эвакуацыі насельніцтва, аднак, не спатрэбілася. Мясцовыя ўлады ацэньваюць шкоду ў шмат мільёнаў еўра.

Між тым у Гамбургу пад абломкамі сарванага ветрам даху загінуў 26-гадовы мужчына.

Яго 25-гадовая спадарожніца жыцця шпіталізавана з цяжкімі траўмамі, паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на паліцыю.

Цыклон змяшчаецца ва ўсходнім кірунку і прынясе ў Беларусь моцныя дажджы. Прынамсі сіноптыкі прагназуюць залевы на чацвер 7 мая.